Саюзьнікі Ўкраіны паставілі больш за 4000 адзінак бронетэхнікі, артылерыйскіх гармат, самалётаў і іншых сыстэмаў узбраеньня, каб дапамагчы Кіеву змагацца з Расеяй, і цяпер найбольш магутныя чальцы NATO зьбіраюцца даць яшчэ больш сьмяротнай зброі, паведамляе Bloomberg.
Пасьля некалькіх месяцаў сумненьняў Вялікая Брытанія заявіла, што дасьць Кіеву Challenger 2, адзін з самых магутных баявых танкаў краін NATO. Гэта адбылося ўсьлед за заявамі з боку Францыі, ЗША і Нямеччыны аб тым, што яны дадуць Кіеву баявыя машыны, і гэта ўзмацніла ціск на ўрады даць Украіне больш лепшых бронемашын альянсу.
Bloomberg сабрала зьвесткі аб некаторых асноўных сыстэмах, якія атрымала Ўкраіна Лічбы зьяўляюцца прыблізнымі, яны могуць ўключаць абяцаную, але пакуль не пастаўленую зброю:
Танкі
- 410 танкаў савецкіх часоў, пастаўленых чальцамі NATO з былога камуністычнага блёку, уключаючы Польшчу, Чэхію і Славенію.
- Вялікая Брытанія паабяцала адправіць Challenger 2 ва Ўкраіну, упершыню заходняя краіна перадасьць Украіне сучасныя асноўныя баявыя танкі для барацьбы з расейскімі войскамі. Газета Sun паведаміла, што 12 танкаў будуць адпраўленыя як мінімум дзьвюма партыямі, хаця ўрад Вялікай Брытаніі не пацьвердзіў іх колькасьці.
- Польшча паабяцала стварыць «кампанію» баявых танкаў Leopard 2 нямецкай вытворчасьці, калі іншыя саюзьнікі па NATO возьмуць на сябе падобнае абавязаньне.
Супрацьпаветраныя сыстэмы
- 37 нямецкіх самаходных танкаў Gepard.
- Восем ракетных батарэй NASAMS вытворчасці ЗША.
- Адна амэрыканская і адна нямецкая ракетныя батарэі Patriot.
- Шэсць рэактыўных сыстэм «Страла-10Мс» з Чэхіі.
- Шэсць Stormer HVM зь Вялікай Брытаніі.
- Некалькі іншых зэнітна-ракетных сыстэм са Славакіі, Нямеччыны, Гішпаніі, Францыі і Польшчы.
Артылерыя
- 300 гаўбіц на буксірах.
- Зь іх больш за 210 155-мілімэтровых M777 і 72 105-мілімэтровыя гаўбіцы з ЗША.
- Больш за 400 адзінак самаходнай артылерыі, зь іх 180 на заказ.
- Зь іх больш за 20 155-мілімэтровых гаўбіц з Брытаніі і па 18 з Польшчы, Нямеччыны і ЗША.
У ЗША і Нямеччыне працягваюцца дыскусіі аб тым, ці могуць яны таксама адправіць асноўныя баявыя танкі. Прадстаўнікі заходніх абаронных органаў сустрэнуцца 20 студзеня на авіябазе Рамштайн у Нямеччыне, дзе яны, напэўна, абмяркуюць адпраўку дадатковых танкаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.