Рашэньне было прынята 29 сьнежня і апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 13 студзеня.
Збор быў уведзены яшчэ ў чэрвені 2021 году, але з пачатку 2023-га папярэдняе рашэньне спыніла дзеяньне. Цяпер жа дэпутаты вызначылі збор на тэрмін да пачатку 2025 году. Плаціць яго трэба будзе зь лютага, калі рашэньне набудзе моц. У студзені выехаць з Горадзенскай вобласьці ў Польшчу і Літву можна будзе бясплатна.
Стаўка збору па-ранейшаму складае адну базавую велічыню. Але цяпер гэта 37 рублёў. Аплата праводзіцца за адзін транспартны сродак, які мае ня менш як чатыры колы і масу да пяці тон, незалежна ад колькасьці пасажыраў. Плаціць збор кіроўца.
Збор ня плацяць:
- вышэйшыя чыноўнікі, чальцы парлямэнту, Саўміну, урадавых дэлегацый;
- замежныя палітыкі і афіцыйныя асобы, якія прыбылі ў Беларусь па запрашэньні дзяржорганаў;
- дыпляматы, супрацоўнікі міжнародных арганізацый і міждзяржаўных адукацый і іхныя сямейнікі;
- людзі, якія ідуць на пахаваньне блізкіх сваякоў;
- суправаджальнікі парэшткаў памерлых;
- удзельнікі ВАВ;
- інваліды ВАВ, інваліды І і ІІ групы, а таксама іх суправаджальнікі;
- удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
- тыя, хто выяжджае на лячэньне ў санаторыі;
- удзельнікі спартовых, культурных, адукацыйных мерапрыемстваў.
Горадзенскі абласны савет дадаткова вызваліў ад выплаты збору за выезд з краіны наступныя катэгорыі:
- прадстаўнікі дзяржорганаў Беларусі, якія выяжджаюць у службовых мэтах;
- іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія прыяжджалі ў Беларусь па запрашэньні дзяржорганаў і дзяржаўных арганізацый;
- беларусы, якія выяжджаюць за мяжу для атрыманьня мэддапамогі, і іх суправаджальнікі — пры наяўнасьці рашэньня камісіі пры Міністэрстве аховы здароўя аб накіраваньні грамадзян Беларусі на лячэньне за мяжу;
- тыя, хто суправаджае дзяцей, якія едуць на лячэньне ў санаторыі;
- іншаземцы і асобы без грамадзянства, якія едуць па дакумэнтах, якія пацьвярджаюць ступень цяжкасьці і выяўленасьці цяжкасьцяў фізычнай актыўнасьці і ўдзелу 75-100%;
- іншаземцы, якія прыяжджалі ў Беларусь на пахаваньне сваякоў і вяртаюцца дадому (як і ў іншых выпадках, патрэбна дакумэнтальнае пацьвярджэньне);
- тыя, каго дэпартуюць ці высылаюць.
Напярэдадні стала вядома аб увядзеньні такога збору і ў Віцебскай вобласьці.