Пр гэта паведамілі на сайце Канстытуцыйнага суду краіны.
З адпаведным запытам у Канстытуцыйны суд зьвярнулася група дэпутатаў парлямэнту Казахстану. У пастанове суду ўказана, што пасьля ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю ў чэрвені 2022 году ў Асноўным законе няма прававых падстаў для захаваньня закону аб першым прэзыдэнце.
Гэты закон гарантаваў першаму прэзыдэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву імунітэт ад перасьледу, недатыкальнасьць яго маёмасьці і актываў чальцоў яго сям'і, а таксама прадугледжваў шэраг прывілеяў і фінансаваньне зь бюджэту для ягонай канцылярыі. На ўтрыманьне гэтай канцылярыі з сакавіка 2019 года было выдаткавана каля 9 мільярдаў тэнге ($11,3 млн).
У Канстытуцыйным судзе адзначылі, што пастанова набывае моц з дня яе прыняцьця, зьяўляецца агульнаабавязковай на ўсёй тэрыторыі Казахстану, зьяўляецца канчатковай і абскарджаньню не падлягае.
5 чэрвеня 2022 году ў Казахстане правялі рэфэрэндум -аб прыняцьці паправак у Канстытуцыю. Гэта быў першы выпадак у гісторыі краіны, калі зьмены ў Асноўны закон уносіліся шляхам правядзеньня агульнанацыянальнага галасаваньня. Акрамя пераходу ад супэрпрэзыдэнцкай формы праўленьня да прэзыдэнцкай з моцным парлямэнтам, у Канстытуцыю ўнесьлі новую норму: сваякам прэзыдэнта з гэтага часу забаронена займаць высокія дзяржаўныя пасады. А прэзыдэнцтва для аднаго чалавака абмежавалі адным тэрмінам на 7 гадоў.
Увосень 2022 году ў Казахстане выключылі Дзень першага прэзыдэнта са сьпісу дзяржаўных сьвятаў і перайменавалі сталіцу краіны з Нурсултана назад у Астану.