Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Агучыць адну лічбу, прыхаваць іншую». Як чыноўнікі маніпулююць статыстыкай


Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Як чыноўнікі маніпулююць лічбамі. Чатыры прыклады.

Беларускія чыноўнікі час ад часу называюць нібыта пазытыўныя лічбы ў эканоміцы Беларусі. Аднак гэты рост яны бачаць часьцяком там, дзе яго няма. Глядзім на канкрэтных прыкладах.

Агучыць толькі адну лічбу

Адзін з варыянтаў маніпуляцый — гэта гаварыць толькі пра нейкую адну лічбу, але ня згадваць пра ўсе астатнія праблемы. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік Beroc Леў Львоўскі.

«Раман Галоўчанка любіць знаходзіць адну пазытыўную лічбу і будаваць размову вакол яе. Напрыклад, большую частку 2022 году ён камэнтаваў рост прамых замежных інвэстыцый. Усе іншыя лічбы — падзеньне ВУП ці падзеньне заробкаў — ён не агучваў і не камэнтаваў», — кажа Леў Львоўскі.

Агучыць лічбу ня так, як трэба

Міністар эканомікі Беларусі Аляксандар Чарвякоў паведаміў 5 студзеня, што ВУП вырас за 11 месяцаў на 7%, аднак чамусьці прывязаў рост да даляра і назваў суму ў 62 мільярды даляраў.

«Гэта тактыка прывядзеньня бязграматных лічбаў. Ён паглядзеў на ВУП не ў рэальным выражэньні, а ў даляравым эквіваленце ў рэальных лічбах. Студэнту першых курсаў эканамічнай ВНУ за гэта б паставілі двойку. Калі глядзяць на рост ВУП ад месяца да месяца, то мы глядзім на ВУП у рэальным выражэньні, гэта лічба ў пастаянных цэнах. Мы бягучы выпуск прадукцыі памнажаем на цэны мінулага году. Гэта робіцца, каб бачыць рэальныя зьмены, а не інфляцыю, напрыклад», — кажа Леў Львоўскі.

Супрацьлеглыя заявы

5 студзеня намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў сказаў наконт вяртаньня беларускіх грузаў у балтыйскія парты Літвы, што «гэта ўжо не прынцыпова». Нібыта партовай структурай забясьпечаны ўвесь экспарт. Аднак іншыя чыноўнікі казалі зусім ня так.

«Гэта супярэчыць і рэальнасьці, і заявам міністра эканомікі Чарвякова, якія сказаў, што Беларусь толькі на 80% змагла кампэнсаваць страты ў экспарце», — кажа Леў Львоўскі.

Схаваць інфармацыю

Гэта стандартная практыка беларускіх чыноўнікаў і статыстычных органаў — схаваць статыстыку і лічбы. Белстат з 2021 году пачаў закрываць некаторыя разьдзелы статыстыкі — экспарт нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў, статыстыку сьмяротнасьці за 2020 год, колькасьць пэнсіянэраў ды іншае.

«Як Белстат, так і Нацбанк не былі заўважаныя ў хлусьні, яны проста перастаюць публікаваць нейкія дадзеныя, ці, напрыклад, перастаюць іх зьбіраць», — кажа Леў Львоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG