Аб затрыманьні грамадзяніна Латвіі, які працуе на холдынг «Россия сегодня», куды ўваходзіць Sputnik, паведамляе выданьне Delfi са спасылкай на латвійскую службу дзяржаўнай бясьпекі. Імя затрыманага Delfi не называе.
Касем быў арыштаваны 5 студзеня і пераведзены ў Цэнтральную турму Рыгі. Як паведамляе агенцтва, іх супрацоўніку, акрамя абвінавачаньня ў парушэньні санкцый, магло быць прад’яўлена абвінавачаньне ў шпіянажы. Іншыя крыніцы гэтую інфармацыю не пацьвярджаюць.
Эўразьвяз у сакавіку 2022 году, пасьля пачатку маштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, забараніў працу на тэрыторыі краін ЭЗ агенцтва Sputnik і тэлеканала RT. Забарона ўведзена да спыненьня вайны і да таго часу, пакуль Расея і зьвязаныя зь ёю СМІ «ня спыняць дзейнасьць па дэзынфармацыі і інфармацыйныя маніпуляцыі супраць ЭЗ».
Яшчэ да ўвядзеньня забароны на ўзроўні ЭЗ Латвія забараніла працу выданьняў холдынгу «Россия сегодня» , куды ўваходзіць Sputnik, на сваёй тэрыторыі. Там патлумачылі гэта пэрсанальнымі санкцыямі ЭЗ супраць генэральнага дырэктара холдынгу Дзьмітрыя Кісялёва.
Расея называе дзеяньні ЭЗ і Латвіі атакай на свабоду слова. Пасьля ўварваньня ва Ўкраіну Масква забараніла працу на сваёй тэрыторыі дзясяткам заходніх і расейскіх СМІ, абвінавачваючы іх у распаўсюджваньні дэзынфармацыі, і прыняла закон аб пазасудовым закрыцьці рэдакцый.