Брэдзелева перавялі ў Баранавічы
Палітзьняволенага прэс-сакратара мабільнага апэратара A1 Мікалая Брэдзелева да разгляду апэляцыйнай скаргі перавялі ў баранавіцкае СІЗА, паведамляе «Вясна».
24 кастрычніка Брэдзелеву прысудзілі 4 гады калёніі паводле двух артыкулаў КК: ч. 2 арт. 424 («злоўжываньне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі») і арт. 361-2 («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»).
Справу Брэдзелева разглядалі ў Менскім гарадзкім судзе ў закрытым рэжыме.
За кратамі Мікалая ўтрымліваюць з 10 сьнежня 2021 году. Праваабаронцам вядома, што сілавікі білі яго пасьля затрыманьня.
Эдуард Бабарыка — рэкардсмэн у знаходжаньні ў СІЗА падчас сьледзтва
Сын Віктара Бабарыкі Эдуард Бабарыка стаў рэкардсмэнам Беларусі ў знаходжаньні ў СІЗА падчас папярэдняга сьледзтва — 2,5 гады. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат Уладзімер Пыльчанка, якога пазбавілі ліцэнзіі. Таксама ён падзяліўся іншымі фактамі, як Эдуард перажывае зьняволеньне.
- У СІЗА адна маленькая камэра і адзін маленькі прагулачны дворык. Вось да такіх памераў сьціскаецца жыцьцё чалавека.
- Спатканьне з «топавымі» зьняволенымі праходзяць у пакоі для асабліва небясьпечных злачынцаў. Памяшканьне падзелена перагародкай, у якой ёсьць плястыкавае акенца і яшчэ сетка-рабіца.
- Нічога падобнага на крымінальны працэс там няма. Чалавек проста як закладнік знаходзіцца ў ізаляцыі, відавочна, для ціску на бацьку.
- Эдуард не марнуе часу. Шмат чытае, адкрывае новыя сфэры, навучыўся клясна маляваць.
Статкевіч пра ШЫЗА
Палітвязень Мікалай Статкевіч прыслаў жонцы ліст. Ён датаваны 29 сьнежня, калі палітычны дзеяч выйшаў з штрафнога ізалятару.
«Я там хаджу, бо месца там не раўнуй болей, чым у адзіночках. Тым болей што ў маёй цяперашняй камэры, як ні скарочвай крок, болей за чатыры ад вакна да дзьвярэй не атрымоўваецца. Ды й „бонусаў“ у 5-7 см у шырыню, які быў паверхам вышэй, таксама няма. Бо сьцены таўсьцейшыя. Затое цяплей».
Лістоў ад іншых людзей Статкевіч не атрымлівае; мяркуе, што іх не прапускаюць.
«Але падзякуй ад мяне усім, хто спрабаваў павіншаваць мяне, хто маліўся за нас. Мае калядныя віншаваньні ўсім ім. А таксама каляднае пажаданьне людзям нашай і суседніх краін — „Міру і волі!“ На жаль, досьвед былых каляніяльных дзяржаў (Англіі, Францыі, Партугаліі і г.д.) сьведчыць — адзіны эфэктыўны сродак ад імпэрскіх комплексаў нацыі — гэта кроў яе сыноў».