Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI (сапраўднае імя Ёзэф Алаіз Ратцынгер) памёр на 96-м годзе жыцьця 31 сьнежня.
Як паведамляла выданьне Vatican News, да раніцы 2 студзеня цела Бэнэдыкта XVI знаходзілася ў кляштары Mater Ecclesiae на тэрыторыі Ватыкана.
Сёньня а 9:00 яго выставілі для разьвітаньня ў базыліцы сьвятога Пятра.
Храм будзе адчынены ў панядзелак з 9:00 да 19:00, у аўторак і сераду — з 7:00 да 19:00.
Каля прапускных пунктаў на плошчу Сьвятога Пятра ўжо выстраіліся чэргі з ахвочых разьвітацца з памерлым.
Пахавальныя ўрачыстасьці, якія ўзначаліць папа Францішак, пройдуць на плошчы сьвятога Пятра ў чацьвер 5 студзеня ў 9:30. У цырымоніі возьмуць удзел афіцыйныя дэлегацыі Нямеччыны і Італіі.
Бэнэдыкт XVI быў выбраны 265-м Папам Рымскім у красавіку 2005 году, пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ. Ён стаў першым пантыфікам нямецкага паходжаньня амаль за тысячу гадоў і найстарэйшым па ўзросьце на момант абраньня з часоў Папы Клімента XII (абраны ў 1730 годзе).
Сапраўднае імя Бэнэдыкта XVI Ёзэф Алаіз Ратцынгер, ён нарадзіўся ў Нямеччыне. Быў удзельнікам Другой сусьветнай вайны, пасьля яе вывучаў тэалёгію. У 1970-я гады стаў арцыбіскупам у Мюнхене, пасьля кардыналам. Вядомы як адзін з найбольш знакамітых каталіцкіх багасловаў найноўшага часу, пры папу Яну Паўлу II узначаліў Кангрэгацыю дактрыны веры. Лічыўся носьбітам памяркоўна-кансэрватыўных поглядаў. Яму належыць рэкорд доўгажыхарства сярод Пап Рымскіх за ўсю гісторыю Рымска-каталіцкай царквы.
Пантыфікат Бэнэдыкта XVI быў азмрочаны шэрагам скандалаў, зьвязаных з выпадкамі пэдафіліі сярод каталіцкіх сьвятароў.
У лютым 2013 году Бэнэдыкт XVI абвясьціў, што ідзе ў адстаўку, патлумачыўшы гэта тым, што ня мае дастаткова сіл для выкананьня сваіх абавязкаў. Ён стаў трэцім у гісторыі Каталіцкай царквы і першым на апошнія 600 гадоў пантыфікам, які адрокся ад пасаду. Прычынай адстаўкі ён назваў стан здароўя. Яго пераемнікам стаў цяперашні Папа Рымскі Францішак. Пасьля адстаўкі, атрымаўшы ганаровы тытул «папы на спачынку», Бэнэдыкт XVI пасяліўся ў былым жаночым манастыры Mater Ecclesiae («Маці-Царквы») у Ватыкане, на публіцы зьяўляўся вельмі рэдка.
Ватыкан паведаміў аб пагаршэньні здароўя Бэнэдыкта XVI некалькі дзён таму. Тады стала вядома, што свайго папярэдніка наведаў Папа Францішак.
Бэнэдыкт XVI стаў у 2009 годзе першым заходнеэўрапейскім кіраўніком краіны, які пасьля 1995 году прыняў у сваёй сталіцы Аляксандра Лукашэнку. Менавіта тады ягоны 5-гадовы сын Мікалай падарыў пантыфіку «Буквар».