Пра гэта паведаміла ў Фэйсбуку яго дачка Кацярына, якая жыве ў Польшчы.
«Апошнія навіны ад бацькі такія, — піша Кацярына, — што яму ствараюцца „спэцыяльныя“ ўмовы для таго, каб ён не выходзіў з карцару. Лісты даходзяць толькі і толькі ад яго маці, але з вялізнай затрымкай у тры тыдні... Бацьку „там“ рабілі аналізы, пра вынікі якіх нічога невядома, і нават адвакату адмовіліся паведаміць іх...»
На турэмным рэжыме, на які будзе пераведзены Мікола Аўтуховіч пасьля ўступленьня прысуду ў сілу, колькасьць і вага перадач і пасылак ад родных будуць абмежаваныя да мінімуму. Кацярына паведамляе, што яшчэ ёсьць магчымасьць перавесьці грошы на рахунак бацькі ў гарадзенскай турме праз банкінг.
«Ён папрасіў папоўніць рахунак, бо сродкаў там засталося зусім мала, а пасьля ўступленьня прысуду ў сілу яны захаваюцца на гэтым рахунку, і гэта будзе адзінай магчымасьцю купіць там рэчы першай неабходнасьці».
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.