«З жалем паведамляем вам, што папа Бэнэдыкт XVI памёр сёньня ў 9.34 у манастыры Mater Ecclesiae («Маці Царквы») у Ватыкане» — гаворыцца ў паведамленьні.
Бэнэдыкт XVI быў абраны 265-м папам Рымскім у красавіку 2005 году пасьля сьмерці Яна Паўла ІІ. Ён стаў першым пантыфікам нямецкага паходжаньня амаль за тысячу гадоў і найстарэйшым па ўзросьце на момант абраньня Рымскім Папам з часоў Папы Клімента XII (абраны ў 1730 годзе).
Сапраўднае імя Бэнэдыкта XVI Ёзэф Алаіз Ратцынгер, ён нарадзіўся ў Нямеччыне. Быў удзельнікам Другой сусьветнай вайны, пасьля яе вывучаў тэалёгію. У 1970-я гады стаў арцыбіскупам у Мюнхене, пасьля кардыналам. Вядомы як адзін з найбольш знакамітых каталіцкіх багасловаў найноўшага часу, пры папе Яна Паўле II узначаліў Кангрэгацыю дактрыны веры. Лічыўся носьбітам умерана-кансэрватыўных поглядаў. Яму належыць рэкорд доўгажыхарства сярод Пап Рымскіх за ўсю гісторыю Рымска-каталіцкай царквы.
Пантыфікат Бэнэдыкта XVI быў азмрочаны шэрагам скандалаў, зьвязаных з выпадкамі пэдафіліі сярод каталіцкіх сьвятароў.
У лютым 2013 году Бэнэдыкт XVI абвясьціў, што сыходзіць у адстаўку, патлумачыўшы гэта тым, што ня мае дастаткова сіл для выкананьня сваіх абавязкаў. Ён стаў трэцім у гісторыі Каталіцкай царквы і першым на апошнія 600 гадоў пантыфікам, які адрокся ад прастолу. Прычынай адстаўкі ён назваў стан здароўя. Яго пераемнікам стаў цяперашні Папа Рымскі Францішак. Пасьля адстаўкі, атрымаўшы ганаровы тытул «папы на спакоі», Бэнэдыкт XVI пасяліўся ў былым жаночым манастыры Mater Ecclesiae («Маці-Царквы») у Ватыкане, на публіцы зьяўляўся вельмі рэдка.
Ватыкан паведаміў аб пагаршэньні здароўя Бэнэдыкта XVI некалькі дзён таму. Тады паведамлялася, што свайго папярэдніка наведаў Папа Францішак.
Бэнэдыкт XVI стаў у 2009 годзе першым заходнеэўрапейскім кіраўніком краіны, які пасьля 1995 году прыняў у сваёй сталіцы Аляксандра Лукашэнку. Менавіта тады ягоны 5-гадовы сын Мікалай падарыў пантыфіку «Буквар».