Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Бэнэдыкт XVI мог бы навучыць Лукашэнку (і ня толькі)


Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на сустрэчы ў папам Бэнэдыктам XVI
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі на сустрэчы ў папам Бэнэдыктам XVI

Бэнэдыкт XVI стаў у 2009 годзе першым заходнеэўрапейскім кіраўніком краіны, які пасьля 1995 году прыняў у сваёй сталіцы Аляксандра Лукашэнку. Менавіта тады ягоны 5-гадовы сын Мікалай падарыў пантыфіку «Буквар». Але больш каштоўны ўрок праз 4 гады даў Лукашэнкам сам Бэнэдыкт XVI.

28 лютага 2013 году Ёзаф Ратцынгер (сапраўднае імя Папы Рымскага) адрокся ад пасады галавы Каталіцкай царквы. Гэтая навіна агаломшыла тады ня толькі каталікоў, але і ўвесь сьвет. Да Бэнэдыкта XVI такое здаралася амаль 600 гадоў таму.

Адрачэньне папы ад пасаду спарадзіла мноства тэорый, у тым ліку і кансьпіралягічных. Іх няма сэнсу пералічваць, бо пацьвердзіць іх проста немагчыма. Але самае галоўнае — прычыну свайго кроку вычарпальна растлумачыў сам Бэнэдыкт XVI. Гэта стан здароўя. Шмат хто гэтаму не паверыў, бо рымскія пантыфікі паміраюць на працы, служаць да апошняга, нават калі іх даводзіцца прытрымліваць рукамі або вазіць на вазку. Тым больш усе, хто цікавіўся, бачылі, што Бэнэдыкт XVI і пасьля адрачэньня быў у цьвярозым розуме, даваў інтэрвію, сустракаўся зь сябрамі і пражыў амаль 9 гадоў. Дык у чым тады праблема? Навошта было адракацца, маючы ўладу больш як над мільярдам каталікоў? У адказе на гэтае пытаньне і ёсьць увесь Бэнэдыкт XVI — сьмелы мысьляр і манах.

«Удзячны Богу, што мяне не абцяжарвае адказнасьць, якую я больш ня ў стане несьці»

У 2016 годзе нямецкі журналіст і біёграф Бэнэдыкта XVI Пэтэр Сівальд выдаў кнігу гутарак з пантыфікам, якія ён праводзіў да і пасьля адрачэньня ад пасады — «Бэнэдыкт XVI. Апошнія размовы». Дарэчы, да пачатку гэтых размоваў Сівальд называў сябе атэістам і быў блізкім да камунізму, а пасьля размоваў з Ратнцынгерам разам зь сям’ёй вярнуўся да каталіцызму.

У размовах з журналістам папа шчыра расказаў, што за яго адстаўкай не стаяць ні гей-лобі, ні скандал Vatileaks, ні ягоная барацьба са сьвятарамі, якія сэксуальна выкарыстоўвалі вернікаў. Ратцынгер пражыў у Ватыкане 40 гадоў. Што яго магло там шакаваць?

Тлумачэньне пантыфіка было вельмі простым. Пасьля падарожжаў на Кубу і ў Мэксыку ён зразумеў, што ўзрост і стан здароўя замінаюць яму добра выконваць ягоную працу. Менавіта пасьля гэтага ён паступова пачаў схіляцца да думкі, што варта адмовіцца ад пасады.

«Я разумеў, што па сутнасьці няшмат змагу ўжо даць», — сказаў папа ў інтэрвію Сівальду.

Чалавек, які вырас у аўтарытарнай сыстэме і прызвычаіўся да лідэраў, якія гатовыя любой цаноў кіраваць да ўласнай сьмерці, можа зь недаверам успрыняць такое тлумачэньне адмовы ад абсалютнай улады, уласнага самалёта, рэзыдэнцый, аховы і мігалак на машыне, якія падкрэсьліваюць тваю важнасьць. Навошта адмаўляцца ад улады, калі ты хворы? У цябе ёсьць лечкамісія, якая можа цябе трошкі адрамантаваць. Навошта адмаўляцца ад улады, калі ты ледзь сыходзіш з самалётнага трапа? Ёсьць жа картэж і адданыя апэратары, якія здымуць як трэба. Навошта адмаўляцца ад улады, калі замест нармальнай гутаркі ты пачынаеш трызьніць і канчаткова ператвараесься ў эксцэнтрыка? Ёсьць жа прапаганда, якая ўсё «растлумачыць». Мы назіраем гэтыя карціны штодня. І ня толькі сярод дыктатараў. У дэмакратычных краінах палітыкі таксама часта імкнуцца вярнуцца на вярхі ўладу, выкарыстоўваючы розныя камбінацыі. Улада — гэта наркотык. Але не для ўсіх.

Бэнэдыкт XVI пасьля апошняй аўдыенцы, люты 2013 году.
Бэнэдыкт XVI пасьля апошняй аўдыенцы, люты 2013 году.

«Улада — гэта ня сіла, а адказнасьць»

Для кагосьці ўлада — гэта каштоўнасьць сама ў сабе, гэта сэнс жыцьця. Лукашэнка не ўяўляе, чым мусіў бы заняцца ранкам, калі б прачнуўся ўжо не як прэзыдэнт.

Для Бэнэдыкта XVI улада была ўсяго інструмэнтам, дзякуючы якому ён мог зрабіць нешта карыснае для сваёй супольнасьці. Яшчэ ў 2010 годзе ён сказаў, што «калі папа фізычна або псыхічна ня ў стане выконваць сваю ўладу, то у яго ёсьць права, а часам абавязак, адмовіцца ад пасады». І калі ён адчуў, што будзе на пасадзе бескарысным, то пакінуў яе. І як сказаў папа Сівальду: «Ніякіх пакутлівых унутраных катаваньняў, калі я прымаў рашэньне адрачыся ад пасады, не было». Бэнэдыкт XVI прыняў рашэньне «зь лёгкасьцю, бо разумеў адказнасьць і цяжар сваёй працы».

«Я ніколі не ўспрымаў гэтую „ўладу“ у тым сэнсе, што ў мяне нейкая сіла. Я ўспрымаў яе як адказнасьць, як нешта цяжкае, што мяне пераўзыходзіць; як нешта, што патрабуе ад мяне штодзённа адказваць на пытаньне, ці даў я рады гэтаму заданьню. І я заўсёды ведаў, што калі гаворка ідзе пра аплядысмэнты масаў, то яны не для мяне, маленькага чалавека, а для Таго, каго я прадстаўляю. Таму мне нескладана было адмовіцца», — патлумачыў папа.

На пытаньне, ці не хапае яму чагосьці пасьля адрачэньня ад пасады, Бэнэдыкт XVI адказаў: «Абсалютна не. Наадварот, я ўдзячны Богу за тое, што мяне не абцяжарвае адказнасьць, якую я больш ня ў стане быў бы несьці, што я штодзённа магу пакорліва крочыць разам зь Ім уласнай дарогай, жыць сярод сяброў і сустракацца зь імі».

Ёзаф Ратцынгер, якога называлі «танкавым кардыналам» у сувязі зь ягонай кансэрватыўнасьцю, рэвалюцыйна зьмяніў папства. Дзякуючы яму пасада Папы Рымскага стала больш сучаснай, бліжэйшай да людзей і да сваіх каранёў.

У фільме Фэрнанду Мэйрэліса «Два папы», дзе ролю Бэнэдыкта XVI выканаў непаўторны Энтані Гоўпкінс, адзін з кардыналаў падчас выбару новага папы працытаваў іншаму выказваньне Плятона: «Найлепшы кіраўнік — гэта той, хто ня хоча ім быць». Гэтыя словы кардынал адрасаваў будучаму папу Францішку, які нібыта пазьбягаў папскай пасады. Але яны ідэальна пасуюць і Бэнэдыкту XVI, які адмовіўся ад пажыцьцёвай улады, бо не хацеў быць кепскім кіраўніком.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG