Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хрысьціянская візія»: У Чырвоным касьцёле могуць аднавіцца службы, але ўлады вядуць таемны гандаль і ставяць умовы


Міліцыя праганяе ксяндза Ўладзіслава Завальнюка, які маліўся на ганку касьцёлу. 11 кастрычніка 2022 году
Міліцыя праганяе ксяндза Ўладзіслава Завальнюка, які маліўся на ганку касьцёлу. 11 кастрычніка 2022 году

У менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены, закрытым пасьля пажару, у хуткім часе могуць аднавіцца набажэнствы.

Аднак для гэтага ўлады прымусілі парафію аплаціць вялізны доўг таварыству «Менская спадчына», на чыім балянсе храм знаходзіцца, а таксама, магчыма, патрабуюць звольніць пробашча парафіі Ўладзіслава Завальнюка.

Аб гэтым піша zerkalo. io са спасылкай на тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

Паводле зьвестак тэлеграм-каналу, улады патрабуюць аплаціць рахунак «Менскай спадчыны» за «амартызацыю касьцёлу і падаткі на карыстаньне зямлёй». Квота сумы невядомая, аднак улетку 2020 году запазычанасьць каталіцкай грамады перад прадпрыемствам складала 156 тысяч рублёў. Яшчэ 13 тысяч яна была павінна плаціць штомесяц.

Як мяркуецца, гэта не адзіная ўмова адкрыцьця касцёлу, якую паставілі мясцовыя ўлады. Верагодна, яны таксама запатрабавалі звольніць ксяндза-каноніка Ўладзіслава Завальнюка з пасады пробашча парафіі. Інфармацыя аб ходзе перамоваў зь менскімі ўладамі трымаецца ў таямніцы, сьцьвярджае «Хрысьціянская візія».

Як разгортвалася сытуацыя вакол Чырвонага касьцёлу

26 верасьня ў касьцёле пры нявысьветленых абставінах здарыўся невялікі пажар, пасьля якога раённая адміністрацыя забараніла эксплёатацыю будынка, у яго перасталі пускаць вернікаў і сьвятароў.

Раніцай 6 кастрычніка стала вядома, што ўлады прынялі рашэньне разарваць дамову з парафіяй сьвятых Сымона і Алены аб бязвыплатным карыстаньні будынкам Чырвонага касьцёлу. Сам будынак знаходзіцца ва ўласнасьці гораду Менску.

Пазьней улады заявілі, што будынак забралі для правядзеньня рамонту. Аднак пра намер вярнуць каталікам касьцёл пасьля рамонту нічога сказана не было.

Каталіцкая грамада накіравала Лукашэнку адкрыты ліст з просьбай дапусьціць упаўнаважаных прадстаўнікоў вернікаў да агляду пашкоджаных пажарам памяшканьняў. Парафіяне таксама заявілі аб тым, што пажар у храме быў не выпадковым, і накіравалі ў Сьледчы камітэт запыт аб прадстаўленьні інфармацыі па выніках праведзеных сьледчых дзеяньняў.

У Менгарвыканкаме вернікам паабяцалі выдзеліць памяшканьне для малітваў і захоўваньня маёмасьці на час рамонту ў касьцёле. Але на просьбу дазволіць набажэнствы ў галоўнай залі, зашклёнай галерэі ці ўнутраным дворыку храму ўлады адказалі адмовай.

Ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк цяпер працуе дворнікам пры касьцёле сьвятых Сымона і Алены.

Парафія Чырвонага касьцёлу часова перамясьцілася ў катэдральны касьцёл Дзевы Марыі на плошчы Свабоды ў Менску.

Адкуль у парафіі вялікія даўгі

У 2013 годзе будынак касьцёлу і плябаніі перадалі з рэспубліканскай уласнасьці гораду Менску і паставілі на балянс «Менскай спадчыны». З рэлігійнай грамадой заключылі дамову на бязвыплатнае карыстаньне храмам і плябаніяй агульнай плошчай 3,3 тыс. кв. мэтраў. Пасьля гэтага на абшчыну ўсклалі абавязак пакрываць выдаткі па зямельным падатку, падатку на нерухомую маёмасьць, а таксама па налічанай амартызацыі. Гэта звычайная практыка ў выпадку перадачы дзяржаўнай маёмасьці ў бязвыплатнае карыстаньне і для вернікаў выключэньня не зрабілі.

Аплату сталі налічваць, калі ў 2019 годзе ўвялі касьцёл у эксплёатацыю пасьля двухгадовай рэканструкцыі. Яна аплачвалася з дзяржаўнага бюджэту. Улічваючы амартызацыю (фактычна касьцёлу прымусова растэрмінавалі кошт рамонту на 75 гадоў) плацяжы для абшчыны аказаліся вялізнымі — 14,3 тысячы рублёў штомесяц. Плаціць такія грошы абшчына не магла. У выніку доўг склаў 156 тысяч рублёў.

Прадпрыемства «Мінская спадчына» ў 2020 годзе заявіла, што заплаціла падаткі самастойна, таму вернікі павінны вярнуць гэтыя грошы.

Вернікі запусьцілі пэтыцыю з патрабаваньнем перадаць касьцёл на балянс абшчыны:

«Храм пабудаваны, у тым ліку, на грошы вернікаў, і мы просім вярнуць яго ва ўласнасьць вернікаў — Рымска-каталіцкай парафіі сьвятых Сымона і Алены ў Менску».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG