За 20 гадоў у сэрыі «Бібліятэка Свабоды» пабачылі сьвет дзевяць дзясяткаў выданьняў пра беларускую палітыку, мову, гісторыю, грамадзтва, журналістыку, турму, здароўе і шмат што яшчэ. Завяршаем знаёміць вас з нашым выдавецкім плёнам. Дарэчы, кожная кніга дасяжная ў лічбавым фармаце.
Дзясяты ліст да тых, хто ўмее чытаць. Краіна любові
Рукапісы не гараць, а бібліятэкі, бывае, зьнікаюць бясьсьледна, нават попелу не застаецца, як ад Александрыйскай бібліятэкі, ці як ад збораў у беларускіх палацах, маёнтках, хатах, празь якія пракацілася 20-е стагодзьдзе. Дый у 21-м вайна супраць кніг ня скончылася.
Але калі б у сьвеце засталася толькі адна кніга па-беларуску, якая вучыць, што і каго, за што і навошта любіць, гэтага было б дастаткова, каб зьявіліся ўсе астатнія. І гэтая кніга выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды».
Лепш за ўсё пра яе скажа анатацыя — мова, на якой кніга гаворыць зь бібліятэкарамі, і патлумачыць прадмова, якая гаворыць да чытачоў.
Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 1, 2, 3, 4, 5-е выданьне. 2007–2022
Анталёгія партрэтаў герояў беларускай гісторыі, вядомых і невядомых — ад лідэраў паўстаньняў XVIII стагодзьдзя да палітвязьняў стагодзьдзя XXI-га. Кніга — энцыкляпэдычны дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў гарадоў, плошчаў і межаў.
Энцыкляпэдыя любові
Прадмова
Гэта ня кніга мёртвых, хоць яе складаюць лёсы людзей, якіх ужо няма сярод жывых.
Гэта не дапаможнік у перайменаваньні беларускіх вуліцаў, плошчаў і гарадоў, хоць гэтыя імёны заменяць на шыльдах прозьвішчы камуністычных вампіраў і імпэрскіх пярэваратняў.
Гэта не храналягічны даведнік, хоць названыя сотні імёнаў, абраных аўтарам з нацыянальнага пантэону XVIII–XXI стагодзьдзяў.
Гэта не навуковая манаграфія, хоць тут уводзіцца новая пэрыядызацыя нацыянальна-вызвольнага руху, распрацаваныя крытэры, зробленая клясыфікацыя.
Гэта не архіўнае дасьледаваньне, хоць даты, месцы і падзеі вывераныя, а многія факты знойдзеныя й апублікаваныя ўпершыню.
Гэта не дакумэнтальная проза і не гістарычная паэзія, хоць кожны разьдзел чытаецца як маланка і ўражвае як раман.
Гэта энцыкляпэдыя любові да радзімы, волі й незалежнасьці.
Гэта імёны, якія будуць жыць, пакуль жыве Беларусь.
Гэта вянок нашай свабоды.
Аляксандар Лукашук, бібліятэкар Свабоды