Такое рашэньне прыняла 14 сьнежня 2022 году судзьдзя Ленінскага суду Берасьця Алена Кавальчук. Рашэньне тычыцца сайту газэты — carkva-gazeta.by, а таксама суполак у сацыяльных сетках «ВКонтакте» і Facebook пад назвай «Царква», піша «Берасьцейская Вясна».
На пачатку лістапада ў Берасьці затрымлівалі рэдактара «Царквы» Ігара Бараноўскага, а таксама затрымлівалі сьвятара Грэка-каталіцкай царквы Ігара Кандрацьева. Абодва адсядзелі адміністрацыйны арышт.
Пасьля 2020 году ўлады актыўна перасьледуюць сьвятароў за словы падчас казані, допісы ў сацсетках, асуджэньне гвалту сілавікоў. У 2022 годзе ў Беларусі шэраг сьвятароў затрымлівалі, праходзілі ператрусы, выклікалі ў міліцыю і КДБ, арыштоўвалі і прыцягвалі да адказнасьці. Група «Хрысьціянская візія» зафіксавала 24 такія выпадкі.
Агулам сёлета сама меней 8 рымска-каталіцкіх, 3 грэка-каталіцкія, 6 праваслаўных сьвятароў і 7 пратэстанцкіх пастараў сутыкнуліся з рознымі формамі ціску з боку рэжыму Лукашэнкі.
Рэакцыя рэдакцыі «Царквы»
Рэдакцыя выданьня 27 сьнежня напісала ў Фэйсбуку:
«26 сьнежня 2022 году стала вядома, што сацсеткі і сайт «Царква» ўнесеныя ў «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», бо яны прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі паводле рашэньня Ленінскага раённага суда Берасьця ад 14 сьнежня 2022 году.
У сувязі з гэтым давядзецца спыніць працу гэтай старонкі, каб не падстаўляць тых, хто быў на яе падпісаны.
Дзякуем, што былі з намі з 2011 году. Будзьце ўважлівыя, не рабіце цяпер са старонкі ЦАРКВА рэпосты».
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».