Менск зноў можа стаць цэнтрам для дасягненьня міру ва Ўкраіне, і рухі ў гэтым напрамку «ёсьць на нізкім або высокім узроўні», — заявіў у эфіры тэлеканалу СТВ, як піша BPN, апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч.
«Я буду вельмі ўсьцешаны, калі будуць працягвацца мірныя перамовы. І тут, як гэта да гэтага часу было, і калі Ватыкан можа садзейнічаць гэтаму. Таму што Ватыкан будзе прадстаўляць усе намаганьні: і сваю тэрыторыю, і розныя пляцоўкі, каб гэта сапраўды ажыцьцявіць», — сказаў Ёзіч.
Ёзіч лічыць, што паміж Ватыканам і Менскам «становяцца добрыя адносіны».
«Ватыкан працягвае разьвіваць гэтыя адносіны праз розныя праекты. З іншага боку, мы таксама сустракаем станоўчыя адказы на розныя пытаньні. Вядома, гэтыя пытаньні ідуць на розных узроўнях. На міжнародным — найперш на двухбаковым; і мясцовым — царкоўным узроўні. Як прадстаўнік Ватыкану я магу сказаць, што да гэтага часу я заўсёды знаходзіў адкрытае сэрца, дапамогу, падтрымку і ўзаемаразуменьне ва ўсіх сфэрах», — заявіў дыплямат.
11 лістапада на ўрачыстым прыёме да 30-годзьдзя ўстанаўленьня дыпляматычных адносін паміж Менскам і Ватыканам Антэ Ёзіч заявіў, што Сьвяты пасад гатовы дапамагаць Беларусі ўмацоўваць сфэру чалавечага вымярэньня.
«Нягледзячы на цяперашнія цяжкасьці і шэраг праблем, якія патрабуюць узважанага падыходу і канкрэтных неадкладных рашэньняў, Сьвяты пасад па-ранейшаму застаецца адкрытым для рэалізацыі сумесных з Рэспублікай Беларусь намаганьняў, накіраваных на падтрымку грамадзянскай супольнасьці, дапамогу бедным і тым, хто пакутуе, забесьпячэньне міру, стабільнасьці, дабрабыту і захаваньня правоў усіх грамадзян незалежна ад іх поглядаў і перакананьняў», — сказаў пасланьнік Папы.
17 сьнежня, віншуючы Папу Рымскага Францішка з днём нараджэньня, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Сьвятога пасаду «супадае бачаньне» шляхоў разьвязаньня найбольш актуальных праблем сучаснага сьвету.
Раней Ватыкан асудзіў расейскую ваенную агрэсію супраць Украіны і прапанаваў пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні канфлікту. Кіраўніцтва Беларусі актыўна садзейнічае Расеі ў вядзеньні вайны.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году адносіны дзяржавы і касьцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія герархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўсьлед масавым пратэстам. Акрамя таго, як скардзіліся вернікі, Ватыкан не адказаў ні на адзін ліст беларусаў з патрабаваньнем разабрацца ў фактах дыскрымінацыі. Акрамя таго, у беларускіх каталікоў прынамсі часова забралі сталічны Чырвоны касьцёл, прымусіўшы парафію вынесьці адтуль сваю маёмасьць, а сам касьцёл закрылі на рамонт.