Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга пра звароты грамадзянскай супольнасьці Беларусі да Ватыкану пасьля 2020 году


Кніга «Belarus Knockin’ at the Vatican’s Doors: Appeals of the Belarusian Civil Society in the Context of the Political Crisis 2020»
Кніга «Belarus Knockin’ at the Vatican’s Doors: Appeals of the Belarusian Civil Society in the Context of the Political Crisis 2020»

«Хрысьціянская візія» выдала па-ангельску кнігу пра тое, як беларускія вернікі намагаліся здабыць падтрымку папы Рымскага ў сытуацыі пратэстаў і ганеньняў 2020 году.

У арыгінале кніга называецца «Belarus Knockin’ at the Vatican’s Doors: Appeals of the Belarusian Civil Society in the Context of the Political Crisis 2020» («Беларусы грукаюцца ў дзьверы Ватыкану: звароты грамадзянскай супольнасьці ў кантэксьце палітычнага крызісу 2020 году»). Выданьне дакумэнтуе спробы беларускай грамадзянскай супольнасьці заручыцца падтрымкай Апостальскай сталіцы. За два гады Папа Францішак, аднак, не адказаў ні на адзін зварот беларускіх вернікаў.

Кніга ўключае адказ Сьвятланы Ціханоўскай на энцыкліку папы Францішка Fratelli tutti, тэкст ксяндза Вячаслава Барка: «Папа Францішак, як спыніць вайну ў Беларусі?», лісты палітвязьня Ігара Лосіка, жонкі палітвязьня Паўла Севярынца Вольгі і групы сваякоў палітвязьняў «Вызваленьне».

Некаторыя з тэкстаў, сярод якіх ліст «Хрысьціянскай візіі» дзяржаўнаму сакратару Сьвятога пасаду кардыналу П’етра Параліну, публікуюцца ўпершыню.

Кнігу можна спампаваць бясплатна. Інфармацыя пра распаўсюджваньне друкаванай вэрсіі — на сайце выдавецтва «Скарына».

Многія ў Беларусі з крытыкай сустрэлі рашэньне Ватыкану працягваць дыпляматычныя стасункі з Лукашэнкам. У лістападзе 2020 году новы Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч уручыў яму даверчую грамату. Гэта адбылося на фоне масавых пратэстаў у Беларусі і адмовы ўладаў пускаць у краіну тагачаснага кіраўніка Беларускага каталіцкага касьцёла мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

У кастрычніку 2022 году Ватыкан выпусьціў марку з выявай свайго гербу і дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь, марку прысьвяцілі 30-годзьдзю дыпляматычных адносін паміж дзяржавамі. Гэта адбылося пасьля таго, як рэжым Лукашэнкі забраў у каталіцкіх вернікаў Чырвоны касьцёл, закрыўшы яго. Вернікаў і сьвятара, якія сабраліся на ганку памаліцца, разагналі, пагражаючы арыштамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG