У 2022 годзе ў Беларусі шэраг сьвятароў затрымлівалі, праходзілі ператрусы, выклікалі ў міліцыю і КДБ, арыштоўвалі і прыцягвалі да адказнасьці. Група «Хрысьціянская візія» зафіксавала 24 такія выпадкі.
На працягу 2022 году сама меней 8 рыма-каталіцкіх, 3 грэка-каталіцкіх, 6 праваслаўных сьвятароў і 7 пратэстанцкіх пастараў сутыкнуліся з рознымі формамі ціску з боку беларускіх уладаў.
Каталіцкія сьвятары, якія зазналі перасьлед:
- пробашч парафіі сьвятога апостала Андрэя ў Лынтупах Аляксандар Баран (агулам 33 дзён адміністрацыйнага арышту за «несанкцыянаванае пікетаваньне» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»),
- пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах Анджэй Бульчак (грамадзянін Польшчы, выехаў зб Беларусі праз пагрозу перасьледу, завочна аштрафаваны на 960 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
- пробашч віцебскай парафіі Сьвятога Духа Андрэй Вашчук (два арышты па 15 дзён за «несанкцыянаванае пікетаваньне», а таксама 320 рублёў штрафу за «экстрэмісцкія матэрыялы»; быў вымушаны пакінуць Беларусь),
- пробашч прыходу сьвятога Ёзафата Кунцэвіча ў Расонах Вячаслаў Барок (зьехаў з краіны ў сярэдзіне 2021 году пасьля павышанай увагі сілавікоў да яго рэлігійных і экстрэмальна-сацыяльных ролікаў, у лістападзе гэтага года міліцыя спрабавала даведацца ў яго бацькі, калі Барок вернецца ў Беларусь).
- пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках Андрэй Кеўліч (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
- вікарый магілёўскай парафіі сьвятога Антонія Падуанскага Віталь Чабатар (15 дзён арышту па невядомай прычыне);
- пробашч касьцёла сьвятога Казіміра ў Стоўбцах Ігар Лашук (штраф 960 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»);
- пробашч парафіі сьвятога Яна Паўла ІІ у Смаргоні Яўген Учкуроніс (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»).
Праваслаўныя сьвятары:
- клірык Богаяўленскай царквы ў Менску Ўладзіслаў Багамольнікаў (110 дзён у няволі, вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе),
- клірык храма сьвяшчэннамучаніка Ўладзімера Хіраско ў Менску Міхаіл Маруга (13 дзён арышту пасьля затрыманьня ў дзень антываеннай акцыі).
- настаяцель прыхода храма сьвяціцеля Сьпірыдона Трыміфунцкага Андрэй Ноздрын (зь ім правялі «прафіляктычную гутарку аб недапушчэньні экстрэмісцкіх дзеяньняў», а пазьней звольнілі з усіх пасадаў у епархіі),
- клірык прыхода храма Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы ў Прыбытках Гомельскай вобласьці Пётр Пракапцоў (пасьля паездкі ў Літву яго дапытвалі ў КДБ);
- настаяцель храма св. Арханёла Міхаіла ў Сьцяпанках Берасьцейскай вобласьці Сяргей Рэзановіч (асуджаны па «справе Аўтуховіча» на 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму).
- праваслаўны сьвятар, імя якога зь меркаваньняў бясьпекі не раскрываецца (сёлета падчас праваслаўных сьвятаў у ягоную кватэру ўварваліся сілавікі і затрымалі жонку (пазьней ёй было выстаўленае абвінавачаньне ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», вынік суду невядомы).
Пратэстанцкія пастары:
- пастар царквы баптыстаў «Сьвет Надзеі» Віталь Чычмароў (асуджаны на 3 гады абмежаваньня волі за «актыўныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»),
- пастар эвангельскай царквы «Новы Запавет» Філіп Іваноў (разам з жонкай затрыманы ў межах крымінальнай справы, потым яго адпусьцілі, а жонку асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі),
- пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка (аштрафаваны на 3200 рублёў за правядзеньне «несанкцыянаванага сходу» абшчыны);
- пастар царквы хрысьціян веры Эвангельскай Іаана Прадцечы Антоній Бокун (аштрафаваны на 3200 рублёў за правядзеньне «несанкцыянаванага сходу» абшчыны),
- пастар царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Жыцьцё» Сергій Паўлоўскі (12 дзён арышту за «дробнае хуліганства»).
- пастар баптысцкай абшчыны Верамеек (Магілёўская вобласьць) Раман Раждзественскі (аштрафаваны на 640 рублёў за «экстрэмісцкія матэрыялы»),
- пастар царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Жывая вера» Дзьмітры Падлобка (аштрафавалі на 640 рублёў за несанкцыянаванае мерапрыемства — хрышчэньне без дазволу).
Грэка-каталіцкія сьвятары:
- настаяцель парафіі сьвятых братоў Андрэя і Пятра ў Берасьці Ігар Кандрацьеў (ператрус, арышт на 12 дзён па невядомай прычыне),
- сьвятар прыхода Жыровіцкай іконы Божай Маці Віталь Быстроў (затрыманы 24 лістапада ў рамках адміністрацыйнай справы, вынік суд невядомы),
- настаяцель магілёўскага прыхода Маці Божай Бялыніцкай Васіль Ягораў (аштрафаваны на 1600 рублёў за налепку «Украіна, прабач» на аўтамабілі).