«Прынамсі з кастрычніка 2022 году Масква рыхтуе ўмовы для новага найбольш небясьпечнага курсу дзеяньняў — паўторнага ўварваньня на поўнач Украіны, магчыма, скіраванага супраць Кіева. Гэта можа быць расейскай інфармацыйнай апэрацыяй або адлюстроўваць рэальныя намеры прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
На думку аналітыкаў, наяўныя цяпер зьвесткі па-ранейшаму неадназначныя — некаторыя пацьверджаныя сьведчаньні нарошчвання расейскіх сіл у Беларусі «маюць больш сэнсу» ў рамках падрыхтоўкі да новага наступу, чым у рамках працягу вучэньняў, але «доказаў таго, што Масква актыўна рыхтуе ўдарныя сілы ў Беларусі, няма».
«ISW працягвае лічыць, што аднаўленьне шырокамаштабнага расейскага ўварваньня зь Беларусі гэтай зімой малаімавернае, але да гэтага трэба ставіцца сур’ёзна», — падкрэсьлілі ў ISW.
Аналітыкі звярнулі ўвагу на тое, што 24 лістапада Мінабароны РФ «дэманстратыўна заявіла», што мае ў Беларусі палявы шпіталь. «Палявыя шпіталі не патрэбныя для вучэньняў і могуць сьведчыць аб падрыхтоўцы да баявых дзеяньняў», — гаворыцца ў паведамленьні. У той жа час гэта можа быць толькі часткай «інфармацыйнай апэрацыі», якую вядзе Расея, адзначаюць аналітыкі.
Агулам ISW ацэньвае рызыку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну з Беларусі як «нізкую, але магчымую». «Малаімаверна, што беларускія сілы ўварвуцца ва Ўкраіну без расейскай ударнай групоўкі», — гаворыцца ў справаздачы.
Начальнік галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны Кірыл Буданаў у інтэрвію The New York Times заявіў, што цяпер пагрозы наступу Расеі з тэрыторыі Беларусі няма, але ўсё ж такое разьвіцьцё падзей выключаць нельга.
Цяперашнюю актыўнасьць беларускіх і расійскіх войскаў ён лічыць «звычайнымі вучэньнямі», а таксама «трукам, які закліканы зьбіць з панталыку» ўкраінскае вайсковае камандаваньне.
«Гэта ўсе элемэнты кампаніі па дэзінфармацыі. Было б няправільна адхіляць магчымасьць [паўторнага наступу праціўніка з тэрыторыі Беларусі], але таксама няправільна і казаць, што мы маем якія-небудзь зьвесткі, якія пацьвярджаюць яе існаваньне», — сказаў ён.
Буданаў адзначыў, што цяперашнія дадзеныя ўкраінскай выведкі не ўказваюць на непасрэдную пагрозу з боку Беларусі, але «доўгатэрміновыя рызыкі ўсё ж захоўваюцца». Паводле яго, на беларускай тэрыторыі «пакуль ня створаная ўдарная групоўка», на палігонах недастаткова спраўнай бронятэхнікі для нападу, а навучальныя лягеры запоўненыя мабілізаванымі расейскімі вайскоўцамі, якіх пасьля трэніровак адпраўляюць на ўсход Украіны.
Расея актыўна выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі з пачатку ўварваньня ва Ўкраіну, а таксама пэрыядычна наносіць удары па Ўкраіне зь беларускай тэрыторыі. Беларускае войска, паводле ўладаў, не прымае ўдзел у баявых дзеяньнях на баку РФ.