Бі-Бі-Сі паведамляе, што камісія апублікавала на 845 старонках сваю канчатковую справаздачу аб беспарадках у Вашынгтоне 6 студзеня 2021 году. Справаздача ўскладае адказнасьць за штурм сядзібы Кангрэсу ў той дзень непасрэдна на былога прэзыдэнта. Яна таксама рэкамэндуе забараніць Трампу займаць дзяржаўныя пасады ў будучыні.
Дональд Трамп не супрацоўнічаў з камісіяй і назваў справаздачу «паляваньнем на ведзьмаў» пасьля яе выхаду.
Вось шэсьць ключавых высноў са справаздачы, якія былі апублікаваныя 22 сьнежня:
- Трамп рабіў ілжывыя заявы, хоць яго памочнікі папярэджвалі яго, што яны непраўдзівыя;
- рыторыка Трампа прывяла пагромшчыкаў у Вашынгтон;
- Трамп не прыняў ніякіх мер падчас беспарадкаў;
- напад на Капітолій быў загадзя сплянаваны ўльтраправымі групамі;
- Трамп спрабаваў прымусіць свайго віцэ-прэзыдэнта адмяніць вынікі выбараў;
- Трампу трэба забараніць займаць дзяржаўныя пасады.
Прыхільнікі Трампа ўварваліся 6 студзеня ў будынак Кангрэсу, пасьля таго як былы прэзыдэнт выступіў перад імі на мітынгу непадалёк ад Белага дому, чарговы раз заявіўшы, што вынікі выбараў 2020 году былі сфальшаваныя. Суды не пацьвердзілі гэтых цьверджаньняў.
Натоўп біў шкло і ўступаў у проціборства з паліцыянтамі. Заканадаўцы, якія ў той час знаходзіліся на сумесным пасяджэньні абедзьвюх палат і зьбіраліся зацьвердзіць перамогу Джо Байдэна на прэзыдэнцкіх выбарах, былі тэрмінова эвакуаваныя. У выніку сутыкненьняў загінулі пяць чалавек, у тым ліку супрацоўнік паліцыі Кангрэсу.