Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лукашэнкі адабралі ядзерную пужалку


Расейскі Міг-31 з гіпэргукавай ракетай «Кінжал», архіўнае фота.
Расейскі Міг-31 з гіпэргукавай ракетай «Кінжал», архіўнае фота.

Прадстаўніца МЗС РФ паведаміла, што Расея не плянуе перадаваць Беларусі ядзерную зброю.

Сьцісла:

  • Лукашэнка недакладна кажа, якую зброю перадала Расея Беларусі.
  • Паводле МЗС РФ, «не мяркуецца ні фізычна аснашчаць беларускія сыстэмы ядзернымі боезарадамі, ні перамяшчаць такія боезарады на беларускую тэрыторыю».
  • Пагрозы Масквы выкарыстаць ядзерную зброю выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў сьвеце.
  • Крэмль палічыў рызыкоўным перадачу ядзернай зброі Беларусі.

19 сьнежня падчас прэсавай канфэрэнцыі з нагоды візыту Пуціна Лукашэнка расказаў, як яны з расейскім прэзыдэнтам дадуць адпор вонкавым ворагам. Ён сказаў: «Мы сёньня паставілі на баявое дзяжурства комплекс С-400, які вы перадалі Беларусі. І, самае галоўнае, комплекс „Іскандэр“, які вы таксама, паабяцаўшы паўгода таму, перадалі нам». Лукашэнка хацеў напужаць Захад і адначасова паказаць, які ён круты ў вайсковым пляне.

А вось 21 сьнежня афіцыйная прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава пракамэнтавала выданьню «Коммерсант» гэтыя ваяўнічыя заявы Лукашэнкі. Высьвятляецца, што ўсё трохі ня так. «На гэтым этапе гаворка ідзе выключна аб перадачы Рэспубліцы Беларусь комплексаў „Іскандэр-М“ падвойнага аснашчэньня з ракетамі ў звычайным рыштунку», — адзначыла Захарава. То бок інфармацыя пра тое, што «мы сёньня паставілі на баявое дзяжурства комплекс С-400, які вы перадалі Беларусі», не адпавядае рэальнасьці? Менавіта так можна разумець заяву МЗС РФ. І Лукашэнка, мякка скажам, трохі пагарачыўся.

Другі момант яшчэ больш цікавы. Пуцін і Лукашэнка на той самай прэсавай канфэрэнцыі адзначылі, што на расейскіх заводах пераабсталявалі самалёты СУ-25, якія належаць Беларусі, і цяпер яны могуць несьці ядзерную зброю. Таксама адбываецца падрыхтоўка экіпажаў гэтых самалётаў.

Здавалася б, варта чакаць наступнага кроку, абсталяваньня беларускіх самалётаў ядзернымі боезарадамі. На гэта неаднаразова намякаў Лукашэнка. І ня толькі. 25 чэрвеня, падчас сустрэчы з Лукашэнкам у Санкт-Пецярбургу, Пуцін пацьвердзіў, што беларускія СУ-25, а таксама комплексы «Іскандэр-М», якія РФ перадае Беларусі, магчыма абсталяваць ядзернай зброяй. І ў выпадку рэалізацыі гэтай ідэі Беларусь дэ-факта станавілася б ядзернай дзяржавай.

Але не. Масква адкруціла назад. Хоць, здавалася б, можна было і не перадаваць ядзерныя боегалоўкі, але намякаць на такую магчымасьць. І пужаць Захад.

Аднак прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава вельмі дакладна сфармулявала пазыцыю Масквы. Паводле яе, «тэхналёгіі па пераабсталяваньні самалётаў у носьбіты ядзернай зброі» не плянуецца перадаваць Беларусі. Таксама «не мяркуецца ні фізычна аснашчаць беларускія сыстэмы ядзернымі боезарадамі, ні перамяшчаць такія боезарады на беларускую тэрыторыю», «стварэньне ў Беларусі аб’ектаў для захоўваньня ядзерных боезарадаў таксама не прадугледжваецца, яны па-ранейшаму будуць сканцэнтраваны на цэнтральных складах у межах тэрыторыі Расеі», а «падрыхтоўка беларускіх вайскоўцаў будзе ажыцьцяўляцца ў расейскіх навучальных цэнтрах паводле праграм, якія выключаюць пытаньні эксплюатацыі ядзерных боезарадаў». Пазыцыя вельмі ясная. Сфармулявана вычарпальна і не дае падставаў для нейкіх двухсэнсоўнасьцяў. І азначае канец страшылкі, якую выкарыстоўваў Лукашэнка.

Толькі ўзьнікае пытаньне: навошта тады пераабсталёўваць беларускія самалёты і праводзіць адпаведную перападрыхтоўку экіпажаў гэтых самалётаў?

Захарава тлумачыць такую пазыцыю абавязаньнямі Расеі паводле Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі. Думаю, праблема ня толькі ў гэтым.

Справа ў тым, што пагрозы Масквы выкарыстаць ядзерную зброю супраць Украіны і Захаду мелі адпаведную рэакцыю. ЗША даволі падрабязна давялі да Крамля, што іх чакае ў адказ. Нэгатыўна ўспрынялі такую пагрозу іншыя, незаходнія дзяржавы, у прыватнасьці Кітай, Індыя. І Масква вымушаная была трохі адкруціць назад.

Дарэчы, ЗША, якія трымаюць ядзерныя боезарады ў некалькіх замежных краінах, ніколі не перадаюць іх гэтым замежнікам. Права іх выкарыстаньня яны пакідаюць выключна за сабой.

Сама Расея мае цяжкі досьвед перамяшчэньня ядзернай зброі на расейскую тэрыторыю зь Беларусі, Украіны і Казахстану пасьля распаду СССР. Кіраўнікі гэтых маладых дзяржаў (у тым ліку і Лукашэнка) доўга не хацелі аддаваць яе РФ, упарта спрачаліся, давялося іх залагоджваць грашыма.

У Маскве ацанілі ўсе рызыкі перадачы ядзернай зброі Беларусі. Бо сёньня там ва ўладзе Лукашэнка, а што можа быць заўтра? Дый Лукашэнка ня вельмі надзейны. Таму лепш захоўваць такія боезарады далей ад граху «на цэнтральных складах у межах тэрыторыі Расеі».

Такім чынам, ядзерную пужалку ў Лукашэнкі адабралі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG