Здарэньне адбылося ў кватэры іншага экс-каліноўца. Разам зь імі таксама была жонка наймальніка жыльля.
Як паведамілі Свабодзе адразу некалькі крыніц, непасрэдна перад сьмерцю загінулы нібыта папрасіў гаспадара кватэры пайсьці паразмаўляць зь ім у асобны пакой. Яны засталіся там сам-насам. У выніку празь нейкі час аднаго з грамадзян Беларусі знайшлі ў тым жа пакоі з нажом у вобласьці сэрца.
Гаспадара кватэры, былога добраахвотніка палку Каліноўскага, літоўская паліцыя ўзяла пад варту на месцы здарэньня.
У паліцыі Літвы Свабодзе пацьвердзілі, што трагічны выпадак сапраўды адбыўся. Паводле інфармацыі літоўскіх праваахоўнікаў, труп грамадзяніна Беларусі з колата-рэзанай ранай у вобласьці грудной клеткі быў знойдзены каля 00:46 18 сьнежня ў адным з жылых дамоў Вільні.
Яшчэ аднаго беларуса затрымалі, ён мае статус падазраванага. Распачатае дасудовае расьсьледаваньне паводле артыкула 129 Крымінальнага кодэксу Літвы «Забойства».