Вось некаторыя думкі аднаго з удзельнікаў дыскусіі, генэрал-лейтэнанта Бэна Годжэса, былога камандуючага войскамі ЗША ў Эўропе, дарадцы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights First:
- Украінцы працягваюць наносіць агромністыя страты расейскім войскам, якія спрабуюць наступаць на Бахмут. Бахмут ня мае відавочнага ваеннага значэньня. Выглядае, што для расейцаў — асабліва для [кіраўніка прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр»] Прыгожына — гэта стала асабістым выклікам. Ён хоча паказаць, што ягоныя сілы самыя эфэктыўныя. На жаль, у выніку загінуць тысячы людзей.
- Я сур’ёзна ўспрымаю засьцярогі камандуючага ўкраінскімі войскамі генэрала Залужнага і міністра абароны Ўкраіны Рэзьнікава, што расейцы разьлічваюць пачаць новы наступ з поўначы, магчыма зь Беларусі.
- Мэтай такой апэрацыі можа быць наступ на Кіеў ці, прынамсі, спроба расьцягнуць сілы ўкраінцаў і прымусіць іх перакінуць рэсурсы з галоўнага кірунку, якім, на маю думку, ёсьць Мелітопаль і Крым.
- Я крыху скептычна стаўлюся да здольнасьці расейцаў сканцэнтраваць вялікія сілы, неабходныя для такой апэрацыі, і забясьпечыць іх усім патрэбным, але гэта сурʼёзная пагроза. Верагодна, такі наступ можа адбыцца ўвесну, калі ўкраінцы ня здолеюць дасягнуць істотных посьпехаў на поўдні і прымусіць расейцаў сканцэнтраваць усе сілы там.
- Я пакуль ня ведаю, у якой ступені Беларусь гатовая ў гэтым удзельнічаць... Украіна мае добрую выведную інфармацыю, а Злучаныя Штаты, Брытанія і іншыя саюзьнікі могуць даць дадатковыя зьвесткі, каб атрымаць ясную карціну таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы будзем мець добрае разуменьне таго, якія сілы там назапашваюцца, якая лягістыка вайсковых паставак.
- Я цалкам падзяляю ідэю правесьці пазачарговыя вайсковыя вучэньні NATO ў Літве і Польшчы, каб даць Лукашэнку адгаворку перад расейцамі не далучаць беларускія войскі да ваенных дзеяньняў супраць Украіны. Ён зможа сказаць, што на заходнім флянгу ідуць вучэньні NATO і трэба на гэта рэагаваць.
Іншыя прагнозы ходу вайны ад удзельнікаў дыскусіі, у тым ліку ад былога міністра абароны Ўкраіны, мы апублікуем на нашым сайце пазьней.