Вайна доўжыцца 300 дзён, хоць і ў Расеі, і ў Беларусі перад вайной неаднаразова казалі аб намеры захапіць Кіеў цягам трох дзён.
Свабода сабрала галоўныя лічбы і факты расейска-ўкраінскай вайны.
Вайсковыя страты бакоў
Афіцыйна ні Расея, ні Ўкраіна не называюць дакладнай колькасьці сваіх страт у гэтай вайне. Абодва бакі пэрыядычна публікуюць інфармацыю пра чужыя страты, што сьведчыць аб памкненьні перахапіць ініцыятыву ў псыхалягічна-інфармацыйнай вайне.
Расея пераконвае, што ва Ўкраіне загінулі 5937 расейскіх салдатаў (паводле зьвестак на верасень), але журналісты ў пачатку сьнежня на падставе адкрытай інфармацыі змаглі пацьвердзіць гібель больш як 10 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку звыш 400 мабілізаваных зь верасьня. Паводле ўкраінскай інфармацыі, на вайне загінулі і атрымалі раненьні больш як 99 тысяч расейцаў.
Афіцыйныя асобы Ўкраіны заяўляюць аб гібелі да 13 тысяч украінскіх вайскоўцаў. У Расеі пераконваюць, што загінулі і атрымалі раненьні звыш 110 тысяч вайскоўцаў Украіны.
Вайсковыя штабы ЗША і Эўропы ацанілі парытэтныя страты Расеі і Ўкраіны — каля 100 тысяч вайскоўцаў у кожнага з бакоў.
Колькасьць мірных ахвяр
Агульную колькасьць загінулых мірных жыхароў немагчыма вызначыць дакладна, бо яшчэ даволі шмат населеных пунктаў Украіны знаходзіцца пад акупацыяй Расеі.
Паводле ўкраінскіх уладаў, толькі ў горадзе Марыюпалі Данецкай вобласьці ў выніку шчыльных расейскіх абстрэлаў маглі загінуць больш як 20 тысяч чалавек. Праваахоўныя органы Ўкраіны змаглі дакумэнтальна пацьвердзіць гібель сама меней 450 дзяцей, яшчэ 863 атрымалі раненьні.
І міжнародныя, і ўкраінскія экспэрты мяркуюць, што больш поўна ацаніць колькасьць загінулых ва Ўкраіне цывільных можна будзе толькі пасьля поўнага завяршэньня ваенных дзеяньняў, а рэальная колькасьць сьмерцяў можа быць у разы большай.
Дзясяткі тысяч ваенных злачынстваў
Асобна ва Ўкраіне дакумэнтуюць колькасьць цывільных і вайскоўцаў, якія загінулі пасьля допытаў і ад катаваньняў расейскімі акупацыйнымі ўладамі.
У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што зарэгістравалі 54 898 тысяч ваенных злачынстваў, а таксама 18 438 злачынстваў супраць нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны. Сярод падазраваных — расейскія вайскоўцы і ўкраінскія грамадзяне, якія пайшлі на супрацу з акупацыйнымі ўладамі.
Расея сваю датычнасьць да зьнішчэньня ўкраінцаў зьняпраўджвае, а першыя такія факты, выяўленыя ў Кіеўскай і Харкаўскай абласьцях, назвалі «фэйкам».
Колькасьць беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі і трапілі ў палон
Большасьць беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны пасьля 24 лютага, зьяўляюцца байцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, створанага 9 сакавіка 2022 году (першапачаткова як батальён. — РС). Колькі іх усяго, не раскрываецца. Паводле розных ацэнак, у склад палка можа ўваходзіць ад 200 да 1500 байцоў.
Па стане на 10 сьнежня вядома пра 17 загінулых беларусаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны — дзесяці байцоў палка імя Каліноўскага, а таксама сямі зь іншых падразьдзелаў, якія ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны.
Акрамя гэтага, вядома як мінімум пра двух каліноўцаў, якія трапілі ў расейскі палон пад Лісічанскам. Іх ужо ўключылі ў сьпісы на абмен, якія фармуе Аб’яднаны цэнтар пошуку і вызваленьня палонных.
Вядома таксама пра сама меней пяць ураджэнцаў Беларусі, якія загінулі ў вайне на баку Расеі.
Украіна вызваліла Кіеўшчыну, Херсон і Харкаўшчыну
Вайсковыя экспэрты мяркуюць, што Расея не змагла рэалізаваць ініцыятыву, яе перахапіла Ўкраіна.
«Па-першае, наступ удалося стрымаць, а па-другое, удалося адкінуць варожыя войскі зь вялікай колькасьці кірункаў — з Кіеўскага, Чарнігаўскага, удалося дэакупаваць Харкаўшчыну, Херсоншчыну, і больш за тое, стабілізаваць і спыніць поўнамаштабныя баявыя дзеяньні на ўсходзе. Там працягваюцца цяжкія баі, але не адбылося паўнавартаснай акупацыі Данеччыны і Луганшчыны», — мяркуе кіраўнік украінскага Цэнтру вайскова-прававых дасьледаваньняў Аляксандар Мусіенка.
У той жа час пад акупацыяй Расеі яшчэ застаецца дастаткова вялікая плошча Ўкраіны.
Зьнішчаны энэргетыка, лякарні і школы
Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расея зьнішчыла ці пашкодзіла больш як 2800 адукацыйных устаноў, і больш як 1200 лякарняў.
У выніку мэтанакіраваных абстрэлаў пацярпелі амаль усе энэргетычныя аб’екты Ўкраіны — ад высакавольтных падстанцый да аб’ектаў генэрацыі электраэнэргіі.
Украіна атрымала рэкордныя аб’ёмы дапамогі з Захаду
З пачатку расейскага ўварваньня Ўкраіна атрымала больш як 24 мільярды даляраў міжнароднай дапамогі. Асноўныя донары — Эўразьвяз, Вялікая Брытанія, ЗША, Канада і Японія.
Эўракамісія плянуе ў 2023 годзе накіраваць Украіне да 18 мільярдаў эўра макрафінансавай падтрымкі, а ЗША — 37 мільярдаў даляраў экстранай дапамогі.
Прагнозы на далейшыя ваенныя дзеяньні
16 сьнежня міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба і галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй Валеры Залужны заявілі аб магчымым паўторным наступе Расеі на Кіеў, у тым ліку зь Беларусі.
У той жа час аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) перакананыя, што Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 19 сьнежня, падобна, адхіліў намаганьні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пайсьці на далейшыя саступкі ў кантэксьце ўцягваньня Беларусі ў вайну супраць Украіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.