Ва Ўкраіне заявілі аб павелічэньні вайсковай пагрозы зь Беларусі: канцэнтрацыя войскаў дастатковая для тактычных дзеяньняў.
Камандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў аб павелічэньні вайсковай пагрозы з боку Беларусі.
«Цяпер на тэрыторыі Беларусі сканцэнтраваныя 2-я мотастралковая дывізія першай танкавай арміі, а таксама падразьдзелы, узброеныя ракетнымі комплексамі „Іскандэр“, якія прызначаныя для выкарыстаньня па цэлях на тэрыторыі Ўкраіны. Гэтага патэнцыялу цяпер дастаткова для стварэньня пагрозы Ўкраіне і правядзеньні тактычных дзеяньняў», — заявіў Сяргей Наеў.
Паводле яго, цяпер Расея трэнуе ў паветранай прасторы Беларусі свой самалёт па навядзеньні на цэлі і самалёты-перахопнікі балістычных ракет «Кінжал» для таго, каб удакладніць цэлі, якія яны вызначылі для нанясеньня ўдараў ва Ўкраіне.
«Мы робім усе захады, каб зьнізіць гэты ўзровень пагрозы. Пры гэтым мы пільна сочым за ўзбраеньнем, якое перакідаецца з Расеі, і робім адпаведны аналіз. Узровень вайсковай пагрозы павялічваецца, але мы робім адэкватныя захады. Апроч таго, у Генштабе прадугледжана нарошчваньне групоўкі на выпадак істотнага павелічэньня сіл з супрацьлеглага боку», — падкрэсьліў Сяргей Наеў.
16 сьнежня міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў, міністар замежных справаў Украіны Дзьмітро Кулеба і галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй Валеры Залужны заявілі аб магчымым паўторным наступе Расеі на Кіеў, у тым ліку зь Беларусі.
У той жа час аналітыкі амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) перакананыя, што Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы ў Менску 19 сьнежня, падобна, адхіліў намаганьні прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пайсьці на далейшыя саступкі ў кантэксьце ўцягваньня Беларусі ў вайну супраць Украіны.