Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджаным 18 сьнежня камэнтары камандуючага Аб’яднаных сіл УСУ Сяргея Наева, які цытуе BPN.
Пра тое, што Пуцін мае намер дамагацца ад Лукашэнкі максымальнай падтрымкі ў вайне, напярэдадні заявіў дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк.
19 сьнежня ў Палацы незалежнасьці пройдуць перамовы Лукашэнкі і Пуціна — як пры ўдзеле чыноўнікаў, так і сам на сам. Плянуецца абмеркаваць пытаньні інтэграцыі, эканомікі, энэргетыкі і бясьпекі, анансавала прэс-служба Лукашэнкі.
Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што Беларусь удзельнічае ў «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі», усяляк падтрымліваючы Расію, але «нікога не забіваючы». Гэтым тэрмінам расейскае, а сьледам за ім і беларускае кіраўніцтва называюць поўнамаштабную вайну супраць Украіны, якую РФ пачала 24 лютага. Разам з тым часам Лукашэнка наўпрост называе разьвязаны Расеяй канфлікт вайной.
Улады ў Менску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяньнях на баку РФ. У той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварваньня, а таксама ў асобныя пэрыяды пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскай арміяй для ўдараў па Ўкраіне.