Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея рыхтуе новы наступ на Ўкраіну? Былы афіцэр Генэральнага штабу УСУ: шанцы расейскага войска дабрацца да Кіева нязначныя


Буча пасьля расейскай акупацыі. 2022 год
Буча пасьля расейскай акупацыі. 2022 год

Расея рыхтуецца да паўторнага маштабнага наступу на Ўкраіну, і адбыцца ён можа неўзабаве пасьля Новага году. Заявы пра гэта зрабілі адразу два ўкраінскія міністры — абароны Аляксей Рэзьнікаў і замежных справаў Дзьмітро Кулеба, а таксама галоўнакамандуючы ўкраінскай арміяй Валеры Залужны.

У інтэрвію брытанскаму часопісу The Economist ён сказаў: не сумняюся, што расейцы зноў пойдуць на Кіеў. Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны Аляксей Данілаў таксама лічыць, што ў бліжэйшыя паўтара-два месяцы Расея «азьвярэе». А камандуючы Сухаземнымі войскамі Ўкраіны Аляксандр Сырскі заклікае не недаацэньваць расейцаў.

У сувязі з такімі прагнозамі Кіеў просіць у заходніх партнэраў узмацніць пастаўкі зброі. У інтэрвію The Economist Валеры Залужны падкрэсьлівае: выйграць вайну Ўкраіна можа пры наяўнасьці неабходнай зброі і тэхнікі. Залужны выразна называе колькасьць відаў тэхнікі: «300 танкаў, 600-700 БМП, 500 гаўбіц».

Былы намесьнік начальніка Генэральнага штабу УСУ, вайсковы экспэрт Ігар Раманенка расказаў тэлеканалу «Настоящее время», чаму заявы аб наступе на Кіеў гучаць менавіта цяпер, якія шанцы расейскай арміі дабрацца да ўкраінскай сталіцы і наколькі дапаможа Ўкраіне вайсковая тэхніка партнэраў.

— Яшчэ нядаўна здавалася, што некаторыя ўкраінскія чыноўнікі на ўсю моц казалі аб датах, калі УСУ могуць вызваліць Крым, а цяпер галоўнакамандуючы УСУ, міністар абароны Украіны, міністар замежных справаў Украіны — усе ў адзін голас кажуць, што вось-вось пачнецца новы наступ Расеі, пад ударам Кіеў. Што адбываецца?

— У прынцыпе ёсьць імавернасьць таго, што адно другога не выключае, але ў выпадку захаваньня пэўных умоваў і правядзеньня пэўных дзеяньняў. Як мы бачым па часе і з раскладу сіл на бліжэйшы час, чакаецца гатоўнасьць сур’ёзных расейскіх рэзэрваў на люты і плюс-мінус канец студзеня і пачатак сакавіка. Да гэтага часу застаецца паўтара-два месяцы, калі можна рэалізоўваць нейкія падыходы пры наяўнасьці пэўных рэзэрваў для дзеяньняў, у тым ліку і контранаступальнага характару, на нейкіх апэратыўных кірунках. Гэта значыць, што пакуль мы маем у ходзе сваёй стратэгічнай абарончай апэрацыі дзеяньні на харкаўскім і херсонскім кірунках, якія кваліфікуюцца як наступальныя апэрацыі апэратыўнага ўзроўню.

Калі такога роду апэрацыяў будзе яшчэ некалькі, то гэта можа прывесьці да сурʼёзных зьменаў стратэгічнага ўзроўню. Па часе і пры наяўнасьці сіл і сродкаў украінскага боку могуць быць дасягнуты вынікі ўжо не апэратыўнага, а вышэйшага, стратэгічнага ўзроўню. Напрыклад, раскол абароны праціўніка на поўдні, калі можна было б выказаць здагадку, што ўдасца выйсьці на кірунак Мелітопаль — Марыюпаль — Бярдзянск, перасекшы сухаземны калідор паміж кантынэнтальнай Расеяй і Крымам такім чынам, што яны будуць вымушаныя сысьці з херсонскага левага берагу і гэтак далей. Яны будуць вымушаныя ў гэтых умовах у раёне Бахмута, Аўдзееўкі і Марʼінкі перагрупаваць свае сілы і ўтрымліваць сытуацыю, якая складваецца ў выніку такіх дзеяньняў Украіны.

Ігар Раманенка
Ігар Раманенка

— Але чаму найвышэйшае вайсковае камандаваньне Ўкраіны паведамляе аб наступленьні менавіта з боку Расеі, што пад ударам Кіеў? Мы памятаем, як, напрыклад, да 24 лютага многія паведамлялі, што Расея фармуе батальённыя тактычныя групы на межах Украіны. Ці мы гэта назіраем цяпер — у Беларусі, на мяжы з Расеяй, — што сфармаваныя нейкія новыя атрады, гатовыя ісьці менавіта ў наземны наступ на Кіеў?

— Калі яны ня змогуць наступаць у гэтым месяцы стратэгічнымі рэзэрвамі, а яны іх пакуль яшчэ не сфармавалі, не падрыхтавалі, то гэтыя рэзэрвы могуць рыхтавацца ажно з Сібіру. Вядомая гістарычная сытуацыя ў Другой сусьветнай вайне, у бітве за Маскву, калі ўсё гэта адбывалася. Пераканаліся, што японцы, хутчэй за ўсё, ня будуць наносіць удары па Савецкім Саюзе, і сьвежыя сыбірскія дывізіі былі перакінутыч ажно з Сібіру на фронт. Вось вам і прыклад. Калі ваяваць праз два-тры тыдні, тады можна прыслухацца да вашых словаў аб тым, дзе гэтыя батальённыя групы. У Беларусі пакуль іх няшмат, на межах з Расеяй яны ёсьць, але ў недастатковай колькасьці. А мы гаворым аб стратэгічным рэзэрве — гэта трошкі іншае. Гэта тое, што, паводле разьлікаў, яны могуць сфармаваць у тыя тэрміны, якія мы з вамі абмеркавалі і якія афіцыйна аб’явілі палітычныя і вайсковыя кіраўнікі.

— А вам не здаецца, што такія ваенныыя заявы могуць несьці палітычны характар у той момант, калі ў Эўропе праходзіць апошні ў гэтым годзе саміт ЭЗ, дзе абмяркоўваецца вайсковая дапамога Ўкраіне, у той момант, калі ЗША яшчэ разважаюць — пастаўляць сыстэмы Patriot Украіне ці не пастаўляць, — ці могуць быць такія заявы менавіта ціскам на Захад, каб Украіне надалі больш зброі?

— Усё, што можа і павінна спрыяць узмацненьню абараназдольнасьці Ўкраіны, павінна рабіцца ўсімі — ад салдата, простага грамадзяніна нашай краіны, да генэрала і палітычных дзеячоў найвышэйшага ўзроўню.

Я разумею, што, напрыклад, заявы нашага вярхоўнага галоўнакамандуючага, прэзыдэнта, пра тое, што трэба рыхтаваць контранаступальную апэрацыю, вызваляць Херсон і прылеглыя тэрыторыі, рэалізаваліся толькі праз чатыры месяцы. Але на гэта павёўся супернік, перакідваў войскі пад Херсон. Дзякуючы гэтаму былі скарыстаныя такія перагрупоўкі суперніка і нанесеныя пасьпяховыя ўдары на харкаўскім кірунку. Гэта значыць, была праведзена інфармацыйна-псыхалагячная апэрацыя. І калі мы бачым яе і цяпер, то гэта на карысьць бясьпецы Ўкраіны, значыць, яна павінна праводзіцца.

— Давайце разгледзім горшы варыянт. Дапусьцім, надыходзіць канец студзеня, люты або сакавік і расейскія вайскоўцы другім этапам ідуць на Кіеў. Мы ведаем, што УСУ мае зараз зусім іншае ўзбраеньне, чым было да 24 лютага. Наколькі рэальныя зараз шанцы арміі Расеі ўзяць Кіеў?

— Я думаю, шанцы малыя. Бо мы маем досьвед, там створана сапраўды сур’ёзная абарона, там ёсьць ужо дасьведчаныя вайскоўцы, а сілы, дастаўленыя туды, ужо вучацца. Узначальвае гэта генэрал Наеў, які ствараў абарончы этап на ўсходзе нашай краіны, і ня толькі ствараў, але і ажыцьцяўляў адпаведную арганізацыю баявых дзеяньняў.

Але з пункту гледжаньня таго, каб хутка дамагчыся, калі атрымаецца, — гэта мары Пуціна, — то, вядома, па-ранейшаму застаецца ваенна-палітычная задача — узяць Кіеў, і тады вырашацца ўсе пытаньні. А тут два адказы. Першы — яны ня змогуць гэта зрабіць. Другі — калі б нават гэта здарылася, то Ўкраіна ня здасца, Украіна выстаіць і мы будзем біцца далей. Яны ня могуць зразумець такі падыход, такую псыхалёгію. Яны вельмі дрэнна ведаюць нас, думаюць, што мы частка іхнай супольнасьці. А гэта ня так. Калі ў цэнтры Эўропы была наймагутнейшая дзяржава Кіеўская Русь, яны там расьлі на балотах. На жаль, князь ад Кіева ствараў Маскву і гэтак далей. Яны з гэтым не пагаджаюцца, яны фальсыфікуюць — гэта іх праблемы.

Другая стратэгічная задача — калі не на Кіеў, гэта значыць, калі паўночная групоўка сфармуецца, а гэтага пакуль няма на стратэгічным узроўні, і пачне дзейнічаць, каб адсекчы пастаўкі заходняй зброі і ўсяго неабходнага. То бок гэта кірунак Палесься, Львова і гэтак далей. Разумеючы гэта, мы выбудоўваем сваю абарону і, я думаю, не дамо суперніку магчымасьці быць там больш эфэктыўнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG