Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Washington Post: ЗША могуць перадаць Украіне абсталяваньне для «разумных» бомбаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

ЗША могуць перадаць Украіне электроннае абсталяваньне, якое ператварае некіравальныя авіяцыйныя боепрыпасы ў «разумныя» бомбы, здольныя з высокай ступеньню дакладнасьці паражаць пазыцыі праціўніка.

Пра гэта піша The Washington Post, спасылаючыся на высокапастаўленых амэрыканскіх службоўцаў.

Камплект абсталяваньня, так званы «сумешчаны боепрыпас простай атакі» Joint Direct Attack Munition (JDAM) уключае ў сябе прыладу глябальнага пазыцыянаваньня (GPS) і можа прымацоўвацца да розных відаў зброі. Амэрыканскія вайскоўцы выкарыстоўвалі гэтую тэхналёгію для авіябомбаў вагой да 900 кг.

Выданьне адзначае, што пакуль не зразумела, ці ўхваліў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн або хто-небудзь зь яго галоўных дарадцаў у нацыянальнай бясьпецы прапанову перадаць JDAM Украіне.

Суразмоўцы газэты таксама не ўдакладнілі, у якіх сыстэмах з арсэналу Ўзброеных сілаў Украіны гэтыя камплекты могуць выкарыстоўвацца. Рэч у тым, што на ўзбраеньні ўкраінскага войска шмат тэхнікі савецкага ўзору.

Раней ЗША ўжо пастаўлялі Ўкраіне перадавое ўзбраеньне, у тым ліку супрацьрадыёлякацыйныя ракеты HARM высокай хуткасьці і высокадакладныя ракетныя сыстэмы HIMARS.

У канцы кастрычніка ЗША перадалі Ўкраіне першыя два зэнітныя ракетныя комплексы NASAMS — найноўшую сыстэму супрацьпаветранай абароны сярэдняй далёкасьці.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG