Краіны Эўразьвязу не змаглі дамовіцца аб дзявятым пакеце санкцыяў супраць Расеі на перамовах у сераду.
У ходзе перамоваў у Брусэлі на апошнім сёлетнім саміце краіны наблізіліся да пагадненьня, але Польшча і пэўныя іншыя краіны ўсё яшчэ маюць пярэчаньні. Пра гэта паведаміў агенцтву Reuters эўрапейскі дыплямат, дадаўшы, што новы праект пагадненьня, як чакаецца, будзе распаўсюджаны ў чацьвер увечары.
Увод новых санкцыяў супраць Масквы затрымліваюць рознагалосьсі наконт таго, ці павінен ЭЗ палегчыць экспарт расейскіх угнаеньняў праз эўрапейскія парты нават у тых выпадках, калі кампаніі-вытворцы належаць алігархам, унесеным у санкцыйныя сьпісы.
Некаторыя краіны сьцьвярджаюць, што новыя абмежаваньні нясуць пагрозу харчовай бясьпецы, у той час як іншыя настойваюць, што паслабленьне патрабаваньняў дазволіць абыходзіць эўрапейскія санкцыі расейскім алігархам, якія валодаюць прадпрыемствамі вырабу ўгнаеньняў.
Адзін з эўрапейскіх дыпляматаў паведаміў, што Польшча і краіны Балтыі кажуць іншым краінам, што тыя падманваюць сябе, калі мяркуюць, што паслабленьне абмежаваньняў стасоўна расейскіх угнаеньняў не будзе выкарыстоўвацца як пралаз для алігархаў.
Некаторыя эўрапейскія дзяржавы хочуць, каб Сусьветная харчовая праграма ААН удзельнічала ў выдачы дазволаў на экспарт угнаеньняў у краіны, якія маюць у іх патрэбу.