У сувязі з атрыманай інфармацыяй ад гарадзкіх уладаў беларуская дыяспара Беластоку склікае бацькоўскі сход для ўсіх зацікаўленых. Сход пройдзе 11 студзеня 2023 году ў 18:30 у хабе «Новая зямля» на вуліцы Вышынскага, 6А (ul. Wyszyńskiego 6a).
Настаўніца беларускай мовы, прадстаўніца беларускай дыяспары Беластоку Ганна Дар расказала падрабязнасьці «Радыё Рацыя».
«Бачу ў гэтым адказе ад дэпартамэнту адукацыі, што гэта не катэгарычная адмова і не фармальная адпіска. Яны заўважылі нашую праблему і патрэбу ў дачыненьні беларускай мовы і культуры. Гэта сустрэча, якая будзе арганізавана паміж прадстаўнікамі міністэрства, урадавай адміністрацыі і дэпартамэнту адукацыі Беластоку, яна гаворыць пра тое, што яны ўсё ж такі будуць шукаць нейкае рашэньне гэтай праблемы. Адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў міністэрства ўрадавай адміністрацыі ваяводзтва і дэпартамэнту адукацыі Беластоку ў студзені наступнага году».
Асноўныя палажэньні пазыцыі ўладаў гораду ў пытаньні навучаньня беларускай мове дзяцей зь беларускай дыяспары, што вынікае з тэксту: прэзыдэнт Беластоку Тадэвуш Трускаляскі разумее патрэбу падтрыманьня культурнай і моўнай тоеснасьці беларусаў, якія жывуць у Беластоку, а менавіта ў арганізацыі навучаньня беларускай мове. У сувязі з гэтым складзены зварот да старшыні Рады міністраў Матэвуша Маравецкага з просьбай знайсьці адпаведнае прававое рашэньне і фінансавыя сродкі.
Пакуль адказу на зварот улады Беластоку не атрымалі. Паводле цяперашняга закону, у Польшчы права навучаньня беларускай мове ў школах ёсьць толькі для польскіх грамадзян, якія належаць да нацыянальнай меншасьці.
На Падляшшы акурат пражывае нямала беларусаў — аўтахтоннага насельніцтва рэгіёну. Пры гэтым у апошнія гады тут пасяліліся сотні новых беларусаў, якія пераехалі ўжо з сучаснай Рэспублікі Беларусь і, адпаведна, лічацца дыяспарай, а ня меншасьцю.
Разам з тым органы ўлады бачаць праблему, якая будзе абмяркоўвацца на супольнай сустрэчы прадстаўнікоў міністэрства, урадавай адміністрацыі ваяводзтва і дэпартамэнта адукацыі Беластоку 11 студзеня 2023 году.