Колішні прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі абвясьціў трэцюю ад свайго затрыманьня галадоўку, пратэстуючы супраць адмовы суду далучыць яго празь відэасувязь да судовага пасяджэньня.
14 сьнежня Тбіліскі гарадзкі суд зноў адклаў разгляд хадайніцтва аб адтэрмінаваньні выраку Саакашвілі па стане здароўя. У пэнітэнцыярнай службе заявілі, што не змаглі забясьпечыць дыстанцыйнае ўключэньне Саакашвілі з тэхнічных прычынаў.
Як паведаміў сайт «Эхо Кавказа», Шалва Хачапурыдзэ, адвакат Саакашвілі, пасьля сустрэчы зь ім у тбіліскай клініцы «Вівамэдзі» зачытаў ліст палітыка.
«Я буду галадаць датуль, пакуль не атрымаю цьвёрдых гарантыяў таго, што змагу падключыцца да ўласнага працэсу хаця б празь відэасувязь. Усякай насьмешцы і прыніжэньню ёсьць мяжа», — заявіў Саакашвілі.
Міхэіл Саакашвілі ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў тбіліскай лякарні, куды яго перавялі пасьля дзьвюх галадовак. Сям’я і адвакаты заявілі аб пагаршэньні стану ягонага здароўя, але ўлады пераконваюць, што няма прычын для трывогі, бо Саакашвілі нібыта атрымлівае ўсё неабходнае лекаваньне.
13 сьнежня міністар юстыцыі Грузіі Раці Брэгадзэ заявіў аб намеры апублікаваць «пэўныя кадры», калі ня спыніцца «сымуляцыйная кампанія» вакол крытычнага стану здароўя Саакашвілі.
Раней у Міністэрстве юстыцыі Грузіі паведамілі, што Міхэілу Саакашвілі забаранілі курыць электронныя цыгарэты. Ягоны адвакат назваў гэта «прыкладам нялюдзкага стаўленьня», бо Саакашвілі выкарыстоўваў электронныя цыгарэты безь нікатыну.
Саакашвілі, які вярнуўся ў Грузію ў 2021 годзе, быў арыштаваны і застаецца пад вартай. Супраць яго вядзецца судовая справа. Былога прэзыдэнта Грузіі ў 2018 годзе двойчы асудзілі завочна на шэсьць гадоў і на тры гады пазбаўленьня волі паводле артыкула Крымінальнага кодэксу Грузіі аб «перавышэньні службовых паўнамоцтваў або злоўжываньні службовым становішчам».
У лютым сёлета Саакашвілі заявіў у судзе, што ў гады кіраваньня Грузіяй (2004–2013) ён таемна лятаў у Лёндан і сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, каб той не прызнаваў незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.