Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле колькасьці зьняволеных журналістаў на мільён насельніцтва Беларусь стала найгоршай краінай у сьвеце


Плякат акцыі Камітэту абароны журналістаў у падтрымку зьняволеных журналістаў
Плякат акцыі Камітэту абароны журналістаў у падтрымку зьняволеных журналістаў

Больш за палову ўсіх зьняволеных журналістаў прыпадае на пяць краін: Кітай (110), М’янма (62), Іран (47), Віетнам (39) і Беларусь (у справаздачы RSF — 31; паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў — 33).

Паводле колькасьці зьняволеных журналістаў на мільён насельніцтва Беларусь заняла сумнае першае месца ў сьвеце.

Такія вынікі маніторынгу Камітэту абароны журналістаў (ЗША), арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (Францыя) і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Колькасьць журналістаў у зьняволеньні ўва ўсім сьвеце найбольшая за 30 гадоў, цягам якіх Камітэт абароны журналістаў (CPJ) праводзіў перапіс журналістаў у турмах. Пра гэта арганізацыя заявіла 14 сьнежня. На 1 сьнежня 2022 году, паводле іх падлікаў, 363 журналісты былі за кратамі, што на 20% больш, чым у 2021 годзе, заявілі ў арганізацыі.

«Іран падняўся зь дзясятага месца ў 2021 годзе і стаў найгоршым турэмнікам журналістаў у сьвеце: 62 чалавекі былі ўвязьненыя ў турмах — праява бязьлітаснага здушэньня ўладамі паўстаньняў на чале з жанчынамі, што ўспыхнулі ў верасьні. Рэжым пасадзіў у турму рэкордную колькасьць журналістак — 22 з 49 арыштаваных з пачатку пратэстаў — каб не дапусьціць праўдзівага асьвятленьня дэманстрацый. За Іранам ідуць Кітай, М’янма, Турцыя і Беларусь — усе краіны, якія ўзначальваюць аўтакраты, узброеныя мэханізмамі, каб прымусіць прэсу замаўчаць».

Перапіс CPJ 2022 году паказвае, што антыдзяржаўныя абвінавачаньні найбольш часта выкарыстоўваюць для зьняволеньня журналістаў, пачынаючы ад меркаванага «тэрарызму» і заканчваючы распаўсюджваньнем інфармацыі, якая супярэчыць афіцыйным наратывам. У 131 выпадку абвінавачаньне ўвогуле не было выстаўлена, у выніку чаго журналісты сядзелі за кратамі, ня маючы магчымасьці атрымаць праўную дапамогу.

«Пэрспэктыва працяглых судовых працэсаў і працяглых турэмных тэрмінаў — гэта спосаб запалохаць журналістаў і прымусіць іх маўчаць. Гэта сее недавер да СМІ, ствараючы асяродзьдзе, у якім могуць квітнець злоўжываньні ўладай», — сказаў кіраўнік арганізацыі CPJ Джодзі Гінзбэрг.

Арганізацыя зьвяртае ўвагу на ранішнія ператрусы, канфіскацыю ў журналістаў прыладаў і пазбаўленьне ліцэнзіяў, неабходных для легальнай дзейнасьці . Расейскія праўныя навацыі, уведзеныя пасьля ўварваньня ва Ўкраіну, забараняюць «фальшывыя» рэпартажы пра вайну і практычна зьнішчылі незалежныя інфармацыйныя выданьні краіны.

Як і ў апошнія гады, здушэньне сродкаў масавай інфармацыі ў Кітаі (43 журналісты зьняволеныя), Мʼянме (42) і Віетнаме (21) паставіла гэтыя краіны ў шэраг найгоршых парушальнікаў правоў у сьвеце.

Як і ў 2021 годзе, Беларусь (26) ёсьць пятым найгоршым турэмнікам для журналістаў. Расея (19) займае восьмае месца, некалькім журналістам пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў распаўсюдзе «фальшывых навін».

Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» і БАЖ даюць іншыя лічбы зьняволеных у Беларусі журналістаў.

«Рэпартэры бязь межаў»: Дыктатары і аўтакраты хутчэй, чым калі-небудзь, напаўняюць турмы журналістамі

У 2022 годзе за выкананьне сваёй працы ў няволю трапілі 533 прадстаўнікі мэдыя, у тым ліку 78 жанчын, гаворыцца ў апублікаванай 14 сьнежня штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (RSF).

У параўнаньні зь мінулым годам журналістаў у зьняволеньні пабольшала на 13,4%.

«RSF ніколі раней ня бачыла такой колькасьці жанчын-журналістаў у зьняволеньні (78 чалавек — на 30% больш, чым у 2021-м). Цяпер жанчын амаль 15% сярод затрыманых журналістаў, хоць пяць гадоў таму іх было менш за 7%»,— адзначаюць аўтары справаздачы.

Больш за палову ўсіх зьняволеных журналістаў прыпадае на пяць краін: Кітай (110), М’янма (62), Іран (47), Віетнам (39) і Беларусь (у справаздачы RSF— 31; паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў — 33).

«Дыктатарскія і аўтарытарныя рэжымы хутчэй, чым калі-небудзь, напаўняюць свае турмы журналістамі», — канстатаваў генэральны сакратар RSF Крыстоф Дэлюар.

На яго думку, новы максымум колькасьці затрыманых журналістаў пацьвярджае «надзённую і неадкладную неабходнасьць» супрацьстаяць «нядобрасумленным урадам» і праявіць «актыўную салідарнасьць з усімі, хто ўвасабляе ідэал журналісцкай свабоды, незалежнасьці і плюралізму».

Паводле справаздачы RSF, у 2022 годзе агулам 57 чалавек «заплацілі сваімі жыцьцямі, выконваючы прафэсійныя рэпартэрскія абавязкі», што на 18,8% больш, чым у 2021-м. Адным з фактараў росту колькасьці сьмерцяў журналістаў названа паўнамаштабная вайна, якую Расея пачала 24 лютага супраць Украіны. Адзначаецца, што толькі за шэсьць месяцаў з пачатку баявых дзеяньняў былі забітыя 8 журналістаў.

10 сьнежня Міжнародная фэдэрацыя журналістаў апублікавала ўласны даклад, дзе канстатавала, што ў 2022 годзе палітычныя рэпрэсіі «паднялі сваю пачварную галаву ад Кітаю да Беларусі, ад Эгіпту да Ганконгу, Ірану, М’янмы, Турэччыны і Расеі ў спробе прымусіць замаўчаць СМІ і здушыць пратэсты за свабоду». Паводле зьвестак МФЖ, журналісты сталі аднымі зь першых ахвяраў рэпрэсіяў — сама меней 375 прадстаўнікоў мэдыя зараз у няволі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG