Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: разьмінаваньне Ўкраіны — найбольшы выклік з часоў Другой усясьветнай вайны


Разьмінаваньне ў Харкаўскай вобласьці. Кастрычнік 2022
Разьмінаваньне ў Харкаўскай вобласьці. Кастрычнік 2022

Паводле інфармацыі структураў украінскага ўраду, выбухатэхнікі мусяць праверыць яшчэ 174 тысячы квадратных кілямэтраў на наяўнасьць мін. Гэта складае 30% ад агульнай плошчы Ўкраіны.

7 сьнежня ў Жытомірскай вобласьці на адной з сельскіх дарог у Алеўскай грамадзе на міне падарвалася сямейная пара, якая ехала ў аўтамабілі. Яны загінулі, у іх засталося 8 дзяцей.

7 сьнежня таксама стала вядома пра гібель чатырох паліцэйскіх, якія праводзілі разьмінаваньне ў вызваленай ад расейцаў частцы Херсонскай вобласьці. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адзначыў іх дзяржаўнымі ўзнагародамі.

«Яны рабілі ўсё для бясьпекі ўкраінцаў. Ужо вяртаючыся пасьля выкананьня аднаго з заданьняў, калі абясшкодзілі зброю і боепрыпасы з схрону акупантаў, якіх шмат засталося на Херсоншчыне, паліцэйскія трапілі ў мінную пастку. І гэта форма расейскага тэрору, якому давядзецца супрацьдзейнічаць яшчэ гады. Тэрарысты сьвядома намагаюцца пакінуць пасьля сябе найбольш сьмяротных пастак — закапаных „фугасаў“, расьцяжак, замінаваных будынкаў, машын і інфраструктуры. Я ўпэўнены: гэта будзе сярод пунктаў абвінавачаньня супраць Расеі за агрэсію — менавіта мінны тэрор, які нават яшчэ больш жорсткі і подлы, чым ракетны, бо няма такой супрацьміннай сыстэмы, якая магла б зьнішчыць хоць бы частку пагрозы, як гэта робіць наша СПА», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, прадстаўнік бюро у справах Эўропы і Эўразіі Майкл Тырэ заявіў, што ва Ўкраіне трэба праверыць на наяўнасьць мін больш як 160 тысяч квадратных кілямэтраў.


«Ад украінскіх чыноўнікаў, якія працуюць на месцы, мы ведаем, што расейскія салдаты мэтанакіравана заміноўваюць цывільныя будынкі, у прыватнасьці, дзіцячыя цацкі, і нават целы забітых. Жахлівае выкарыстаньне выбуховых прылад расейскімі вайскоўцамі нагадвае тактыку баявікоў „Ісламскай дзяржавы“ ў Іраку і Сырыі, дзе тэрарысты намагаліся забіць столькі цывільных, колькі магчыма, каб людзі баяліся вяртацца дадому», — сказаў Майкл Тырэ на брыфінгу Хэльсынскай камісіі Кангрэсу ЗША, паведаміў «Голас Амэрыкі».

.
Паводле яго, абясшкоджваньне мін ва Ўкраіне стала найбольшым выклікам для сапэраў з часу Другой усясьветнай вайны, а выбухатэхнікаў недастаткова. ЗША плянуюць узмацніць дапамогу па падрыхтоўцы сапэраў і перадаць дадатковае абсталяваньне.

Чарнігаўская вобласьць, красавік 2022
Чарнігаўская вобласьць, красавік 2022

Раней ЗША выдзелілі Ўкраіне 91,5 мільёна даляраў на дапамогу Ўкраіне для абясшкоджаньні мінаў. Аб дапамозе на 11 мільёнаў даляраў абвясьціла Канада, а таксам Японія. Актыўна дапамагаюць міжнародныя арганізацыі.
Міністэрства ўнутраных спраў Украіны паведаміла, што з пачатку расейскага ўварваньня ўкраінскія выбухатэхнікі праверылі 760 квадратных кілямэтраў вызваленых ад расейцаў тэрыторый на наяўнасьць мін. За дзень яны могуць праверыць ня больш як 70 гектараў зямлі. Найперш правяраюцца тыя тэрыторыі, дзе магчымая найбольшая канцэнтрацыя людзей — жылыя будынкі, аб’екты інфраструктуры і дарогі.

За ўвесь час украінскія выбухатэхнікі зьнішчылі каля 300 тысяч выбуханебясьпечных прадметаў. Для больш інтэнсіўнага разьмінаваньня не хапае спэцыялістаў.


Восьмага сьнежня міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі паведаміў, што ў 2023 годзе ўрад плянуе павялічыць штат выбухатэхнікаў яшчэ на 500 асобаў. У чэрвені ён заяўляў, што ў выніку расейскага ваеннага ўварваньня разьмінаваньня патрабуюць больш як 30 мільёнаў гектараў зямлі.

Марская міна на Чорным моры
Марская міна на Чорным моры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG