Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Ўкраіны: пасьля трох атак на вайсковыя аэрадромы Расея перакідае бамбавікі ў іншыя рэгіёны


Расейскі бамбавік Су-24
Расейскі бамбавік Су-24

Упраўленьне стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Украіны паведаміла, што Расея перакідвае ў іншыя рэгіёны сваю ўдарную авіяцыю з аэрадромаў, на якія адбыліся атакі.

У якасьці пацьверджаньня ўпраўленьне публікуе спадарожнікавы фатаздымак авіябазы «Дзягілева» ў Разанскай вобласьці.

«На авіябазе „Дзягілева“, што ў Разанскай вобласьці, пасьля нядаўніх падзей рэзка скарацілася колькасьць бамбавікоў, што пацьвярджае фатаздымак. [Расейцы] у паніцы расьпіхваюць свае самалёты па іншых аэрадромах, каб ня страціць іх зусім», — адзначаецца ў паведамленьні.

Пятага сьнежня стала вядома пра выбухі на аэрадроме стратэгічнай авіяцыі ў Энгельсе і авіябазе «Дзягілева» на ўскраіне Разані ў Расеі. У «Дзягілеве», што за 500 кілямэтраў ад лініі фронту, дысьлякуюцца самалёты-запраўнікі Іл-76, разьмяшчаецца 43-і Цэнтар баявога прымяненьня і перавучваньня лётнага складу, пілётаў далёкай авіяцыі.

Міністэрства абароны Расеі абвінаваціла ва ўдары Ўкраіну.

Раніцай 6 сьнежня губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт паведаміў аб пажары на вайсковым аэрадроме вобласьці пасьля атакі дрона.

Украінскі бок традыцыйна афіцыйна не камэнтуе паведамленьняў аб нападах на тэрыторыі Расеі. Ускосна атакі пацьвердзіў дарадца кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк — пасьля паведамленьняў аб выбухах ён напісаў у твітэры, што «зямля круглая».

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, адказваючы на пытаньне аб датычнасьці ўкраінскіх вайскоўцаў да гэтых атак, сказаў, што яны сталі вынікам парушэньня тэхнікі бясьпекі, і таму там адбылася «бавоўна» (слова, якое цяпер нефармальна абазначае «выбух». «Фабрыка» расейскіх троляў карысталася інтэрнэт-перакладчыкам для масавага закідваньня прарасейскіх паведамленьняў на ўкраінскай мове, і расейскае слова «хлопОк» было ўспрынята штучным інтэлектам як матэрыял «хлОпок», што па-ўкраінску «бавовна» — заўв. РС).

Газэта Тhe New York Times са спасылкай на высокапастаўленага ўкраінскага чыноўніка, які пажадаў застацца ананімным, паведаміла, што два вайсковыя аэрадромы, Энгельса і Дзягілева, бесьпілётнікамі атакавала Ўкраіна.

Паводле крыніцы амэрыканскага выданьня, бесьпілётнікі былі запушчаныя з тэрыторыі Ўкраіны і як мінімум адзін з удараў быў нанесены пры дапамозе супрацоўніка спэцыяльнага прызначэньня, які знаходзіўся паблізу базы і дапамагаў наводзіць бесьпілётнікі на цэлі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG