Паводле інфармацыі Цэнтру беларускай салідарнасьці, 1 сьнежня зьявіўся праект пастановы МЗС Польшчы з папраўкамі ў палажэньне аб выдачы нацыянальных візаў іншаземцам, якія знаходзяцца на тэрыторыі краіны. Дакумэнт на стадыі ўзгадненьня.
Згодна з праектам, «прыём заяваў на атрыманьне гуманітарнай візы і візы для кіроўцаў-міжнароднікаў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча будзе працягнуты да 31 сакавіка 2023 году».
«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь і Ўкраіны, якія ўехалі на тэрыторыю Рэспублікі Польшча на падставе візы Poland Business Harbour, змогуць хадайнічаць аб выдачы гуманітарнай візы на тэрыторыі Польшчы, — адзначылі ў ЦБС. — Адмяняецца таксама патрабаваньне, згодна зь якім заявы могуць падаваць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія праз пагрозу рэпрэсій ці перасьледу або зь меркаваньняў бясьпекі ня могуць вярнуцца ў краіну свайго грамадзянства».
Паводле інфармацыі цэнтру, зьвярнуцца да міністра па гуманітарную візу, будучы на тэрыторыі краіны, могуць грамадзяне Беларусі, якія на дзень падачы заявы ўжо былі ў краіне на падставе візы аналягічнага тыпу; прыбылі ў Польшчу пасьля 24 лютага з Украіны праз вайну; легальна знаходзіліся ва Ўкраіне да 24 лютага; заехалі ў Польшчу па нацыянальнай візе з пазнакай Poland Business Harbour.