Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За каго беларусы ў гэтай вайне: за расейцаў ці за ўкраінцаў?


Літара «Z», якая стала сымбалем расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, на будынку ў цэнтры Масквы
Літара «Z», якая стала сымбалем расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну, на будынку ў цэнтры Масквы

Днямі абнародавалі дадзеныя онлайн-апытаньня гараджанаў Беларусі, праведзенага ў жніўні-верасьні сацыёлягам Філіпам Біканавым. Паводле вынікаў, на пытаньне аб падтрымцы аднаго з бакоў у расейска-ўкраінскай вайне 41% рэспандэнтаў адмаўляліся займаць які б то ні быў бок, 39% выказвалі падтрымку Расеі і 20% — Украіне.

Гэтыя дадзеныя варта параўнаць з вынікамі іншых дасьледаваньняў. Падчас онлайн-апытаньня, праведзенага сярод гараджанаў Беларусі Chatham House (кіраўнік праекту — Рыгор Астапеня) у жніўні, на пытаньне аб стаўленьні да ваенных дзеяньняў РФ ва Ўкраіне 30% рэспандэнтаў іх ухвалілі, 45% заявілі, што не падтрымліваюць іх, і 24% устрымаліся ад адказу. Суадносіны адказаў — супрацьлеглыя тым, якія атрымаліся ў апытаньні Біканава.

Перавага тых, хто не падтрымлівае ваенных дзеяньняў Расеі, над тымі, хто падтрымлівае, зафіксаваная і ў апытаньнях Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ) прафэсара Андрэя Вардамацкага. У верасьнёўскім дасьледаваньні БАМ, праведзеным шляхам тэлефоннага апытаньня, рэпрэзэнтатыўнага для ўсяго насельніцтва, ухвалілі дзеяньні Расеі 41% апытаных, не ўхвалілі — 47%, іншы адказ далі 11%. І ў папярэдніх апытаньнях БАМ суадносіны станоўчых і адмоўных адказаў былі падобныя, адмоўных было больш.

Як так атрымалася? Хто мае рацыю, хто хлусіць? Як ні дзіўна, магчыма, рацыю маюць усе.

Справа ў тым, што адказы на падобныя пытаньні вельмі чуйныя да фармулёвак. А яны ў дасьледчыкаў былі розныя. Chatham House і БАМ задавалі пытаньне толькі аб ацэнцы дзеяньняў Расеі (ухваляеце ці не), Біканаў — у форме выбару паміж пазыцыямі двух бакоў канфлікту (за Расею ці за Ўкраіну).

І гэта — ключавы момант. На першы погляд, розьніцы паміж адказамі быць не павінна, чалавек, якія адносна вайны мае цьвёрдыя перакананьні, адкажа аднолькава, як яго ні спытай. Але справа ў тым, што далёка ня ўсё грамадзтва мае цьвёрдыя, непахісныя погляды прынамсі ў гэтым пытаньні. І невялічкая зьмена фармулёўкі можа прыводзіць да істотна іншых вынікаў.

Ускосна гэтае тлумачэньне пацьвярджаецца дадзенымі шматгадовых апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), разгромленага ўладамі ў 2016 годзе. У сваіх апытаньнях інстытут рэгулярна задаваў пытаньні аб стаўленьні да аб’яднаньня Беларусі з Расеяй і аб выбары паміж абʼяднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз. І што цікава: ва ўсіх апытаньнях станоўчых адказаў на пытаньне толькі аб абʼяднаньні з РФ было менш, чым выбараў на карысьць абʼяднаньня з Расеяй пры пытаньні з альтэрнатывай у выглядзе далучэньня да ЭЗ. Наяўнасьць альтэрнатывы падвышала ўзровень прарасейскіх інтэнцыяў.

І гэта дакладна тое ж, што мы назіраем у апытаньнях Chatham House, БАМ і Біканава. Наяўнасьць у пытаньні альтэрнатывы ў выглядзе пазыцыі Ўкраіны падвышае колькасьць тых, хто выказвае падтрымку Расеі ў вайне.

Насамрэч карэктна параўноўваць толькі дадзеныя Біканава і Chatham House, абодва апытаньні праводзіліся онлайн і сярод гараджанаў. Апытаньне БАМ было рэпрэзэнтатыўным адносна ўсяго насельніцтва (г. зн. прадстаўляла і сельскіх жыхароў, і неінтэрнэтызаваную частку грамадзтва). Таму пры аднолькавым пытаньні ў апытаньні БАМ лічбы падтрымкі Расеі вышэйшыя, чым у апытаньні Chatham House.

Ну а тое, што падтрымка Ўкраіны ў апытаньні Біканава аказалася невысокай, дык гэта дадзеным Chatham House і БАМ не супярэчыць. Для ладнай часткі беларускага грамадзтва ў гэтай вайне Расея ня мае рацыі, бо ў ёй ніводзін з бакоў ня мае рацыі. А ў сытуацыі, калі пытаньне ставіцца рубам «або-або», частка гэтай часткі выбірае Расею.

Напэўна, было б прасьцей, калі б грамадзтва складалася зь людзей з пэўнымі, пасьлядоўнымі, узаемаўзгодненымі поглядамі і ўяўленьнямі. Як публіка ў сацыяльных сетках. Але грамадзтва ў цэлым не такое. Ладная яго частка мае супярэчлівыя погляды, мае сумневы, схільная мяняць пункт гледжаньня. І менавіта яны могуць мяняць адказы пад узьдзеяньнем фактычна нязначнай зьмены фармулёўкі.

І ня мае сэнсу пытаньне, а якая ж іх сапраўдная пазыцыя. Ды і адна, і другая — сапраўдныя, яны ў іхных душах мірна суіснуюць, не пакутуючы ад відавочнай супярэчнасьці.

Гэтая група не такая і вялікая, але яна вызначае балянс, прапорцыю паміж адказамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG