Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З кожнага жыхара па 20 рублёў. Колькі штрафаў дзяржава заплянавала спагнаць зь беларусаў у 2023 годзе

абноўлена

Беларускія грошы. Ілюстратыўнае фота
Беларускія грошы. Ілюстратыўнае фота

Агулам улады Беларусі заплянавалі налета спагнаць зь беларусаў 189 млн штрафаў. Гэта на 43% больш, чым летась.

Звычайна ўлады перавыконваюць плян у штрафах

Плян на штрафы закладаецца ў рэспубліканскі бюджэт на год. Яны адносяцца да «даходаў рэспубліканскага бюджэту». Дакладна гэтая сума на 2023 год выглядае вось так — 189 077 815 беларускіх рублёў ці 75,6 мільёна даляраў па курсе на 15 сьнежня.

Такі плян закладаюць штогод. У 2023 годзе ён высокі як ніколі — амаль на 43% вырас у параўнаньні з 2022-м. Апошнія 5 гадоў ён амаль увесь час быў вышэйшы за 120 млн рублёў, але вагаўся з году ў год менш, чым цяпер.

Выключэньне склаў 2021 год, калі ўлады плянавалі спагнаць зь людзей «усяго» 89 млн рублёў, на 26% менш, чым у папярэднім годзе. Чаму так адбылося, няясна, бо і ў 2020 годзе яны сабралі большую суму штрафаў, чым закладалі.

  • У 2022-м плян на штрафы складаў 132 млн рублёў,
  • у 2021-м — амаль 89 млн рублёў,
  • у 2020-м — 121 млн рублёў,
  • у 2019-м — 131 млн рублёў,
  • у 2018-м — 131 млн рублёў,
  • у 2017-м — 134 млн рублёў.

Звычайна ў апошнія гады ўлады перавыконвалі плян у штрафах прынамсі на некалькі адсоткаў.

Куды патраціць грошы са штрафаў

Мы паглядзелі, што беларускія ўлады могуць купіць або пабудаваць за гэтыя 189 млн рублёў (каля 75 мільёнаў даляраў).

  • 1. Самалёт для Лукашэнкі. У 2020 годзе зьявілася навіна, што Лукашэнка купіў сабе новы самалёт — бізнэс-джэт Gulfstream G550. Блогеры падлічылі, што ён каштуе $60 млн. Пазьней бізнэс-джэт некалькі разоў бачылі ў Беларусі, аднак хто дакладна ім карыстаецца, невядома дагэтуль.
  • 2. 33 райаддзелы міліцыі. У 2016 годзе на новы будынак РАУС Ленінскага раёну ў Горадні пайшло прыкладна $2,3 млн.
  • 3. 37 лядовых палацаў. Сёлета лядовы палац у горадзе Бяроза Берасьцейскай вобласьці, які належаў бізнэсоўцу Юрыю Чыжу, спрабавалі прадаць за $2 млн. Таксама ў лістападзе ў Беларусі адкрылі 26-ы лядовы палац — у Жлобіне. Грошы са штрафаў могуць дазволіць забудаваць лядовымі арэнамі кожны райцэнтар.
  • 5. 10 мэдычных цэнтраў. Сёлета ў Горадні заплянавалі пабудаваць мэдыцынскі цэнтар з аддзяленьнем анкалёгіі і хірургічным блёкам. На яго выдаткуюць $7,3 млн.
  • 6. 840 аўтазакаў. Гэта па 7 штук на кожны раён краіны. Адзін аўтазак каштуе 225 тысяч рублёў. Па такой цане іх закупляла МУС сёлета ўвесну.
  • 7. 1200 «сініх бусікаў». Гэта па 10 штук на кожны беларускі раён. Адзін танаваны мікрааўтобус каштуе 155 тысяч рублёў. Столькі за іх аддавала МУС сёлета ўлетку.

Якія штрафы беларусы плацяць у рэальнасьці

Папраўдзе, зь беларусаў у палітычных справах сёньня спаганяюць значна больш, чым па 20 рублёў. Зрабілі падборку некаторых адміністрацыйных спагнаньняў.

1. Больш за $1200. Бацька семярых дзяцей Максім Лацунцэвіч, акрамя тэрміну калёніі, мае заплаціць 3200 рублёў. Яго судзілі ў крымінальнай «справе Зельцара».

2. $2500. Студэнту юрыдычнага факультэту Ўладзімеру Запольскіх, акрамя тэрміну ў калёніі, прысудзілі штраф 6400 рублёў. Яго затрымалі ў «справе Зельцара», судзілі за пратэсты.

3. Па $3800 кожнаму. Супрацоўніка Беларускай чыгункі зь Віцебску Сяргея Канавалава пасадзілі на 15 гадоў. Да таго ж ён мае выплаціць 9600 рублёў штрафу. Яго судзілі за тое, што ён нібыта плянаваў сапсаваць сыстэмы, якія гарантуюць бясьпеку чыгуначнага руху. Такі ж штраф атрымаў «рэйкавы партызан» з Бабруйску Канстанцін Ермаловіч. «Рэйкавыя партызаны» перашкаджаюць расейскай тэхніцы перасоўвацца па тэрыторыі Беларусі.

4. $6300. Рэдактару «Ежедневника» (ej.by) Сяргею Сацуку, акрамя тэрміну ў 8 гадоў, прысудзілі 16 тысяч рублёў штрафу. Яго судзілі нібыта за хабар.

5. Да $8800. Фігуранты «справы „Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі“» маюць заплаціць штрафы да 22400 рублёў. Яны атрымалі тэрміны да 20 гадоў калёніі.

6. $12 600. Бізнэсоўцу і грамадзкаму актывісту Міколу Аўтуховічу прысудзілі штраф у 1000 базавых велічыняў, гэта 32 тысячы рублёў. Ён жа атрымаў і самы вялікі тэрмін у палітычнай справе ў гісторыі незалежнай Беларусі — 25 гадоў калёніі. Яго абвінавацілі ў тым, што хацеў забіць Лукашэнку і захапіць уладу ў краіне.

7. $8,7 млн. Праўда, гэта ня штраф, а кампэнсацыя шкоды. Фігуранты «справы Ціханоўскага» маюць заплаціць 22 мільёны рублёў міліцыянтам, якія перапрацоўвалі падчас пратэстаў і такім чынам пацярпелі, мяркуе сьледзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG