Аляксандар Калесьнікаў атрымаў магчымасьць сустрэцца зь лекарам у Гомельскай лякарні, дзе знаходзіцца ягоная дачка Марыя Калесьнікава.
Як паведамляе @viktarbabarykaofficial, Аляксандар Калесьнікаў, бацька Марыі, сустрэўся з доктарам. Той расказаў, што Марыя пасьнедала, адчувае сябе нармальна, і запэўніў: лячэньне працягваецца паводле пратаколу, усім неабходным яна забясьпечаная, а лекары робяць усё магчымае, яна застанецца ў шпіталі да панядзелка.
Увечары 29 лістапада зьявілася інфармацыя, што Марыя Калесьнікава, якая адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі, трапіла ў рэанімацыю шпіталя хуткай дапамогі. Яна перанесла апэрацыю.
30 лістапада Свабоды паведамілі, што Марыю Калесьнікаву прывезьлі ў рэанімацыю гомельскага шпіталя ў цяжкім стане.
У лякарні яе ахоўвалі трое сілавікоў, адзін зь іх быў з аўтаматам.
У верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.