Бацька Марыі Аляксандар Калесьнікаў знаходзіцца ў лякарні. Размовы бацькі з мэдыкамі адбываюцца ў прысутнасьці сілавікоў, піша канал штабу Віктара Бабарыкі.
Марыю прывезьлі ўжо ў цяжкім стане. Невядома, калі ёй стала дрэнна. Адваката не пускаюць з 17 лістапада.
Апэрацыя прайшла плянава і пасьпяхова, але Марыя ўсё яшчэ знаходзіцца ў цяжкім стане. Па словах лекараў, яна ў прытомнасьці, неабходнае лячэньне і лекі ёй прадастаўляюць. Дыягназ пры гэтым не гавораць нават бацьку: нібыта неабходна заява ці расьпіска аб тым, што Марыя дазваляе. Па непацьверджанай інфармацыі ў Марыі прабадная язва.
Увечары 29 лістапада зьявілася інфармацыя, што Марыя Калесьнікава, якая адбывае пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі, трапіла ў рэанімацыю шпіталя хуткай дапамогі. Яна перанесла апэрацыю. Пра стан палітзьняволенай нічога не вядома, адваката да яе пакуль не дапусьцілі.
«Яна і цяпер у рэанімацыі хірургічнага аддзяленьня, у цяжкім стане. У палату яе пакуль не перавялі. Калесьнікаву ахоўваюць трое. Двое ўнутры палаты, і адзін з аўтаматам звонку, каля дзьвярэй», — паведаміла крыніца Свабоды.
Суразмоўца зазначае, што ў шпіталі «ўсе на вушах» і ніхто ня будзе даваць аніякіх камэнтароў. Для пацыентаў-вязьняў, якія паступаюць у гомельскі шпіталь хуткай дапамогі, разьмешчаны ў самым цэнтры Гомля ля гарадзкога парку, ёсьць у хірургіі адмысловая палата з кратамі і месцам для канвойных.
«Але яе пакуль туды не перавялі», — кажа крыніца Свабоды.
Гомельскі патолягаанатам Андрэй Падольскі на сваёй старонцы ў «Жывым часопісе» падзяліўся разважаньнямі наконт шпіталізацыі Марыі Калесьнікавай. Ён зазначыў, што ня мае ніякай інфармацыяй пра стан пацыенткі і свае развагі грунтуе на ўласным досьведзе і інфармацыі з адкрытага доступу ў інтэрнэце.
Мэдык лічыць, што стан хворай пры шпіталізацыі ня быў крайне крытычным, бо пры такім стане пацыента даставілі б у бліжэйшы шпіталь, а не ў шпіталь хуткай дапамогі.
«Траўмы галавы ці грудной клеткі ў пацыенткі не было — для гэтага ў Гомлі для хуткай дапамогі ёсьць іншыя стацыянары. У хворай была выяўлена вострая хірургічная паталёгія, якая патрабавала тэрміновага апэрацыйнага ўмяшаньня. Гінэкалягічная вострая паталёгія выключаная. З пасьляапэрацыйнай тактыкі (дастаўка ў рэанімацыйнае аддзяленьне) можа меркаваць, што ў пацыенткі ці дэструкцыйная форма вострага халецыстыту (апэндыцыту), ці прабадзеньне парожняга органу, магчыма, язвавага (пры выключэньні іншых прычын) генэзісу. Дастаўка ў рэанімацыю — гэта стандартнае дзеяньне», — мяркуе мэдык.
Ён выключае траўму ці разрыў пячонкі ці селязёнкі, як і запушчаны, позна выяўлены пэрытаніт.
Падольскі таксама піша, што ён высока ацэньвае прафэсійны ўзровень лекараў у шпіталі хуткай дапамогі і ўпэўнены, што там «зробяць усё, каб паставіць пацыентку на ногі».
У верасьні 2020 году каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі, удзельніцу Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву схапілі сілавікі і спрабавалі прымусова вывезьці ва Ўкраіну. На мяжы яна парвала свой пашпарт, вылезла праз вакно з аўтамабіля і вярнулася на тэрыторыю Беларусі, дзе яе адразу затрымалі. Калесьнікаву судзілі ў закрытым рэжыме разам зь юрыстам Максімам Знакам. Яе прызналі вінаватай паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і 6 верасьня 2021 году асудзілі на 11 гадоў калёніі.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.