Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз узгадніў «столь цэнаў» на расейскую нафту — 60 даляраў за барэль


Столь цэнаў будзе датычыць танкернай нафты
Столь цэнаў будзе датычыць танкернай нафты

Большасьць краін Эўразьвязу і ЗША падтрымліваюць увядзеньне верхняй мяжы цаны на расейскую нафту. ЗША заявілі, што гэта дазволіць скараціць даходы Масквы, каб абмежаваць яе магчымасьці фінансаваць вайну ва Ўкраіне.

Урады краін ЭЗ папярэдне ўзгаднілі «столь цэнаў» на расейскую нафту, якая пастаўляецца па моры, на ўзроўні 60 даляраў за барэль — з мэтай абмежаваць магчымасьці Масквы ў фінансаваньні вайны ва Ўкраіне. Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк. Канчаткова справа «будзе завершаная, калі санкцыі ЭЗ у дачыненьні да расейскай нафты набудуць моц», – напісаў Юзьвяк.

Польшча зьняла свае пярэчаньні супраць рашэньня, накіраванага на скарачэньне даходаў Крамля ад продажу паліва. Варшава патрабавала ўвесьці ніжэйшую столь.

«Польшча пагадзілася на кампраміс ЭЗ аб увядзеньні столі на расейскую нафту $60 за барэль, што дасьць магчымасьць ЭЗ афіцыйна зацьвердзіць гэта рашэньне на працягу выходных», – заявіў пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ЭЗ Анджэй Садась.

«Столь цэнаў вызначылі на ўзроўні 60 даляраў, і было абумоўлена, што гэты ўзровень будзе на 5 адсоткаў ніжэйшы за рынкавую цану на расейскую нафту, на падставе дадзеных Міжнароднага энэргетычнага агенцтва», — заявіў дыплямат ЭЗ, паводле Reuters.

Ідэя ўвесьці лімітаваную цаны была падтрыманая ЗША і іншымі краінамі «Вялікай сямёркі».

«Прапанаваная столь знаходзіцца ў дыяпазоне цэнаў, пра які мы казалі ўжо некаторы час у пляне двух рэчаў. Па-першае, гэта скарачэньне расейскіх даходаў. А па-другое, каб расейскія барэлі заставаліся на рынку», — заявіў Адэма.

Ён дадаў, што з дапамогай пагадненьне аб столі цэн «можна дасягнуць гэтых дзьвюх мэт і прыйсьці да сытуацыі, калі расейскія даходы зьнізяцца, а ў людзей будзе доступ да надзейнай і таннай энэргіі ва ўсім сьвеце».

  • Краіны ЭЗ ужо некалькі дзён спрачаліся аб дэталях столі цэнаў. Зыходная прапанова «Вялікай сямёркі», якая разглядалася на мінулым тыдні, прадугледжвала вызначэньне лімітаванай цаны на ўзроўні 65-70 даляраў за барэль без мэханізму карэктаваньня.
  • Польшча, Літва і Эстонія не пагадзіліся з гэтым узроўнем, паколькі расейская нафта Urals прадавалася на ўзроўні ніжэй за 70 даляраў за барэль 1 сьнежня, а на мінулым тыдні — на ўзроўні каля 55 даляраў.
  • Столь цэнаў на расейскую нафту, якая пастаўляецца па моры, павінна быць уведзеная 5 сьнежня, замяніўшы поўную забарону на куплю такой нафты.
  • Для захаваньня столі цэнаў суднаходным і страхавым кампаніям будзе забаронена працаваць з пастаўкамі расейскай нафты, калі яна будзе прадавацца па цане, якая перавышае гранічную.
  • Асноўныя суднаходныя і страхавыя кампаніі знаходзяцца ў краінах «Вялікай сямёркі», што дае ім рычагі для вызначэньня лімітаванай цаны і створыць Маскве цяжкасьці для продажу сваёй нафты даражэй.
  • Мэханізм карэктаваньня азначае, што столь цэнаў будзе пераглядацца ў сярэдзіне студзеня і кожныя два месяцы пасьля гэтага.
  • Дакумэнт з выкладаньнем папярэдняй дамовы, працытаваны Reuters, зьмяшчае згадку пра 45-дзённы «пераходны пэрыяд», які будзе ўжывацца да суднаў, што перавозяць расейскую нафту, загружаных да 5 сьнежня і разгружаных у пункце прызначэньня да 19 студзеня 2023 году.
  • Для ўвядзеньня навацыі неабходная згода ўсіх краін – сяброў Эўрапейскага зьвязу. Пасьля гэтага, як чакаецца, рашэньне ўхваляць G7 і Аўстралія.

Рэакцыя ў Расеі

У Маскве ўжо заявілі, што адмовяцца пастаўляць нафту і нафтапрадукты ў краіны, якія ўвядуць «столь» цэнаў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін папярэдзіў на мінулым тыдні, што любыя спробы Захаду абмежаваць цэны на расейскую нафту будуць мець сур’ёзныя наступствы для сусьветных рынкаў. Але «Вялікая сямёрка» паабяцала не адыходзіць ад задуманага.

Ініцыятыва зьявілася ў ЗША

Ідэя ўвядзеньня абмежаваньня цэнаў на закупку расейскай нафты, якая перавозіцца танкерамі, была прапанаваная некалькі месяцаў таму міністрам фінансаў ЗША Джанэт Елен. ЗША, ЭЗ і іншыя ўдзельнікі рынку імкнуцца скараціць расейскія даходы ад продажу нафты, якія лічацца асноўнай крыніцай фінансаваньня вайны супраць Украіны, і адначасова не дапусьціць рэзкага скачку цэнаў на сусьветным нафтавым рынку.

Пятага сьнежня ў сілу ўступае восьмы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі, які ўключае ўвядзеньне гранічнай цаны на расейскую нафту, якая перавозіцца танкерамі.

У выпадку няздольнасьці Эўразьвязу дасягнуць дамоўленасьці ўсіх краін аб мяжы цэн імпартаванай расейскай нафты з 5 сьнежня ў сілу павінна ўступіць эўрапейская забарона на фінансаваньне і страхаваньне яе перавозак. Гэта можа, як баіцца Белы дом, прывесьці да рэзкага ўзьлёту сусьветных цэнаў на нафту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG