Міністэрства абароны 30 лістапада паведаміла, што ў Беларусі пачаўся другі этап «плянавай праверкі ўліковых зьвестак вайсковаабавязаных». Першы этап быў на прадпрыемствах, другі — наўпрост у вайсковых камісарыятах і сельскіх саветах. Паводле інфармацыі міністэрства, 70% вайсковаабавязаных ужо прынялі ўдзел у «мерапрыемствах па зьверцы дадзеных».
Крыніцы Свабоды паведамілі, што 30 лістапада ў Гомлі студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту транспарту залучылі да працы ў вайсковым камісарыяце.
«Відаць, вельмі шмат працы і камісарыят сам не дае рады. Студэнты запаўняюць табліцы, выпісваюць позвы. Позваў вельмі шмат. Раней такога, каб студэнтаў залучалі да працы ў камісарыяце, не было», — расказала крыніца.
Яна зьвярнула ўвагу, што апроч студэнтаў, у камісарыяце было шмат людзей, якія праходзілі камісію. «Гэта дзіўна, бо восеньскі прызыў даўно скончыўся», — дадала крыніца.
Як стала вядома Свабодзе, мужчын вайсковаабавязанага ўзросту зараз выклікаюць у сельсаветы. Там задаюць пытаньні пра стан здароўя, а таксама актуальныя кантакты — нумар тэлефона і адрас пастаяннага жыхарства.
Выклікаюць беларусаў і ў вайсковыя камісарыяты. Там таксама правяраюць актуальныя адрасы. Але ня толькі.
«У аўторак выклікалі брата маёй сястры, — расказала яшчэ адна крыніца. — Гэта горад Янаў (Іванава). Берасьцейская вобласьць. На ўваходзе ў камісарыят забіралі тэлефоны ўва ўсіх. Перапісвалі ўсе зьвесткі — нумары пашпартоў, правоў кіроўцы, нумары тэлефонаў».
Чытачы Свабоды расказваюць, што праверкі звычайна займаюць няшмат часу. Мужчын амаль адразу адпускаюць дадому без далейшых інструкцыяў.
«Майму мужу прыходзіла позва зьявіцца ў камісарыят, — расказвае чытачка Свабоды. — Удакладнілі рост, вагу, памер вопраткі, сямейны стан, месца працы, нумар тэлефона і ўсё, адпусьцілі. Заняло гэта прыкладна 5 хвілін. Наваградак».
30 лістапада ByPol паведаміў, што неўзабаве будзе ўзаконены выклік у камісарыяты праз sms. «Таксама нам дакладна вядома, што ў бліжэйшы час будзе дадатковая праверка грамадзян, якія маюць адтэрміноўку ад прызыву з прычыны стану здароўя. Іх правераць праз паўторныя мэдычныя камісіі, якім дадуць каманду скараціць лік адтэрміновак да мінімуму», — паведаміў ByPol.
Рассылка sms ад камісарыятаў ужо пачалася. У рэдакцыі Свабоды ёсць копія паведамленьня, якое атрымаў жыхар Менску. У ім вайсковы камісарыят Фрунзэнскага раёну запрашае мужчыну наведаць установу «для ўдакладненьня зьвестак».
Міністэрства абароны настойвае, што ўсе захады для ўдакладненьня зьвестак вайсковаабавязаных грамадзян праходзяць плянава і не азначаюць хуткага абвяшчэньня мабілізацыі.