Намесьнік начальніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Украіны Аляксей Громаў заявіў, што ў лістападзе Расея выпусьціла па Ўкраіне 239 крылатых ракет і 80 іранскіх бесьпілётнікаў «Shahed-136».
«Асноўнымі цэлямі праціўніка засталіся аб’екты энэргетычнай інфраструктуры, што сьведчыць пра працягваньне пачатага ў кастрычніку энэргетычнага тэрору», — паведаміў Аляксей Громаў 1 сьнежня на брыфінгу ў Кіеве.
Паводле яго, сродкі супрацьпаветранай абароны Ўкраіны зьнішчылі «72% выкарыстаных праціўнікам крылатых ракет і 80% бесьпілётнікаў».
Выведка Вялікай Брытаніі: эфэктыўнасьць Расеі ў зьнішчэньні інфраструктуры зьнізілася
У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі мяркуюць, што выкарыстаньне Расеяй з кастрычніка крылатых ракет па энэргетычнай інфраструктуры зьяўляецца першым прыкладам спробы Расеі рэалізаваць канцэпцыю стратэгічнай апэрацыі зьнішчэньня крытычна важных аб’ектаў (SODCIT). Гэтая канцэпцыя — ключавы кампанэнт расейскай ваеннай дактрыны, зацьверджанай у апошнія гады.
«Гэтая канцэпцыя прадугледжвае выкарыстаньне ракет далёкага радыюсу дзеяньня для нанясеньня ўдараў па крытычна важнай нацыянальнай інфраструктуры варожай дзяржавы, а не па яе Ўзброеных сілах, каб дэмаралізаваць насельніцтва і ўрэшце прымусіць кіраўніцтва дзяржавы капітуляваць», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.
Выведнікі Вялікай Брытаніі адзначаюць, што дэфіцыт электраэнэргіі, створаны ў выніку ракетных удараў Расеі, выклікаў шырокамаштабныя гуманітарныя пакуты па ўсёй краіне.
«Аднак эфэктыўнасьць гэтай стратэгіі, імаверна, зьнізілася, паколькі Расея ўжо выкарыстала значную частку сваіх ракет супраць тактычных цэляў. Апроч таго, паколькі Ўкраіна пасьпяхова мабілізавалася цягам дзевяці месяцаў, матэрыяльны і псыхалягічны эфэкт ад канцэпцыі SODCIT стаў меншым, чым калі б яна была выкарыстана на пачатку вайны», — мяркуюць у выведцы Вялікай Брытаніі.
Улады Ўкраіны заяўлялі, што ў выніку ракетных атак Расеі з кастрычніка зьнішчана палова энэргетычнай інфраструктуры краіны.
Пасьля абстрэлу 23 лістапада ва Ўкраіне адбыўся так званы, блэкаўт, калі большасьць жыхароў краіны засталіся безь сьвятла. Большасьць ЦЭЦ, ГЭС і АЭС Украіны былі часова адключаныя, што прывяло да зьнікненьня вады і цяпла.
Цяпер энэргазабесьпячэньне аднаўляецца, але ў бальшыні рэгіёнаў працягваюцца аварыйныя і веерныя адключэньні электраэнэргіі. Улады папярэджваюць, што Расея прадоўжыць атаку на энэргетыку краіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.