На гэта зьвярнулі ўвагу пракрамлёўскія блогеры.
Пра новы прадукт «Алмаз-Антэя» падрабязна расказваў расейскі тэлеканал НТВ. У сюжэце гаворыцца, што апарат з расейскіх дэталяў выпускаюць на Абухоўскім заводзе ў Санкт-Пецярбургу. Распрацоўка, як сьцьвярджаецца, заняла чатыры месяцы.
Блогеры зьвярнулі ўвагу, што расейскі дрон моцна нагадвае кітайскую распрацоўку iFlight Nazgul5 Evoque, ад якой адрозьніваецца толькі прышрубаваным зьверху абцякальным корпусам зь лягатыпам «Дабрыня».
У сюжэце расейскага Пятага каналу аб расейскай распрацоўцы ў кадры зьяўляецца канструктар з «Алмаз-Антэя» і заяўляе, што хуткасьць апарата ў залежнасьці ад нагрузкі можа дасягаць 150-180 кілямэтраў за гадзіну. Гэта адпавядае характарыстыкам Nazgul5, зазначае выданьне The Insider.
З пачатку ўварваньня ва Ўкраіну расейская армія адчувае рэзкі недахоп выведвальных і цэлепаказальных сродкаў. Праваенныя валянтэры пастаўляюць у войскі бытавыя дроны, у асноўным кітайскай вытворчасьці. У кастрычніку эстонская мытня перадала партыю такіх прыладаў Ўкраіне.
Акрамя таго, расейскае войска выкарыстоўвае ва Ўкраіне дроны вытворчасьці канцэрну «Калашнікаў» і іранскай вытворчасьці. У лістападзе газэта The Washington Post паведамляла, што Масква і Тэгеран дамовіліся аб вытворчасьці іранскіх бесьпілётнікаў у Расеі.