У цяперашніх дыскусіях пра Ўладзімера Макея ўражвае тое, як людзі вылучаюць у ягонай дзейнасьці тое, што на ягоным месцы рабіў бы любы іншы чалавек, бо абавязаны быў гэта рабіць паводле задач і характару сваёй службы.
Міністэрства замежных справаў Беларусі існуе для таго, каб наладжваць адносіны з усім сьветам, у тым ліку з Захадам як адным з асноўных эканамічных партнэраў. Стратэгічна адносінамі з Расеяй, Кітаем займаўся сам Лукашэнка, і з улікам таго, што ён гадамі быў невыязны на Захад, натуральна, што ў руках МЗС былі стасункі з Захадам.
Функцыя афіцыянта — прынесьці вам страву, функцыя дворніка — прыбраць вуліцу, функцыя беларускага МЗС — наладжваць адносіны з Захадам і даказваць шматвэктарнасьць замежнай палітыкі Беларусі. Гэта іх задача, для гэтага яны існуюць. Вы ж ня хваліце таксіста за тое, што ён прывёз вас да месца прызначэньня? Вядома, таксісты бываюць розныя — адны прыемныя, іншыя ня вельмі, адны гаваркія, іншыя маўклівыя; некаторыя могуць нават надзець вышыванку, але вынік павінен быць адзін: вас прывязуць з пункту А ў пункт Б.
Калі пасьля захопу Расеяй Крыму ў 2014 годзе Лукашэнка вымушана абвясьціў (чарговы) паварот да шматвэктарнасьці, то якое ведамства павінна было выконваць гэты «новы паварот»? Міністэрства сельскай гаспадаркі? ГУБАЗІК? Не, гэта менавіта функцыя Міністэрства замежных справаў. І любы міністар стаў бы аддана і ляяльна выконваць гэтую функцыю, незалежна да сваіх уласных поглядаў.
І Макей выконваў. Думаеце, любы іншы ягоны папярэднік на пасадзе міністра выглядаў бы меншым лібэралам і празаходнікам, выконваў бы гэтую функцыю горш за Макея? Сяргей Мартынаў, Міхаіл Хвастоў? А Ўрал Рмадракавіч Латыпаў якім быў лібэралам і патрыётам, любіў нефармальна кантактаваць з незалежнымі журналістамі! (Бадай, толькі беларускамоўны Іван Антановіч, міністар у 1997-1998 гг., быў занадта прарасейскім, і Лукашэнка яго вельмі хутка замяніў).
Натуральна, што ў Беларусі, як, магчыма, у любой аўтарытарнай (а тым больш дыктатарскай) краіне, сярод дыпляматаў значна больш людзей з дэмакратычнымі, лібэральнымі поглядамі. Яны езьдзяць на Захад, яны бачылі сьвет, у іх добрая адукацыя, замежныя мовы, яны прадстаўляюць сваю краіну, таму ведаюць яе культуру, маюць шмат розных крыніц інфармацыі. Калі я бываў на розных прыёмах у Менску, ня раз да мяне падыходзілі раней незнаёмыя супрацоўнікі МЗС, на добрай беларускай мове знаёміліся, гаварылі, што чытаюць мяне канкрэтна і Свабоду ў цэлым, не саромеліся выказваць свае палітычныя погляды.
Макей на фоне іншых супрацоўнікаў МЗС ня быў нейкім занадта празаходнім ці прабеларускім. На фоне сталініста Шуневіча, былога міністра ўнутраных справаў, можа быць. Але не на фоне супрацоўнікаў Міністэрства замежных справаў. Любы зь ягоных тагачасных намесьнікаў у 2015–2020 гадах выканаў бы задачу лібэралізацыі адносінаў з Захадам зь няменшым посьпехам. І мы б цяпер гаварылі менавіта пра гэтага чалавека як пра галоўнага архітэктара шматвэктарнасьці.
Пасьля жніўня 2020-га зьмянілася ўсё. І адразу радыкальна зьмяніліся заявы і дзеяньні Макея, ён як бы імкнуўся стаць «сьвяцейшым за Папу Рымскага» ў сваёй прарасейскасьці. Ужо 2 верасьня 2020-га падчас сустрэчы зь Сяргеем Лаўровым дзякаваў Расеі за падтрымку, потым у красавіку 2021-га зрабіў свой славуты ці то прагноз, ці то ўстаноўку («Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць перастане існаваць. І гэта, я лічу, будзе абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі»). А, выступаючы на «ўсебеларускім народным сходзе» ў лютым 2021 году, сам прапанаваў адмяніць ранейшую формулу экспарту (траціна — Захад, траціна — Расея, траціна — трэці сьвет) на новую, дзе на Расею будзе прыпадаць ужо палова.
Дык мо пасьля жніўня 2020 году — гэта і ёсьць сапраўдны Макей, ягоная сапраўдная палітыка? А ў 2015–2019 ён толькі прыкідваўся?
Ды не. Проста няма і не было ніякай самастойнай «палітыкі Макея». Няма ніякай самастойнай палітыкі ў афіцыянта, які дастаўляе прыгатаваную кухарам страву.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.