Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаўкі на Захад абрынуліся ў 242 разы. Як беларуская дрэваапрацоўка працуе пад санкцыямі


З 2 сакавіка прадукцыя беларускай дрэваапрацоўкі пад санкцыямі Эўразьвязу. Паглядзелі, куды цяпер яе прадаюць і як зьмяніліся ўмовы працы людзей у галіне.

У 2007 годзе з падачы Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі пачалася падтрымка прадпрыемстваў, якія займаюцца дрэваапрацоўкай. Шэрагу дрэваапрацоўчых заводаў выдзелілі крэдыты агульнай сумай больш як на 1 мільярд даляраў.

На гэтую галіну ўлады мелі пэўныя надзеі. 2 сакавіка 2022-га Эўразьвяз увёў санкцыі ў адносінах да беларускай драўніны і прадуктаў зь яе. Краінам ЭЗ, згодна з санкцыямі, трэба было да 4 чэрвеня выканаць усе кантракты зь беларусамі і не падпісваць новых.

Летась на пастаўках дрэва і прадукцыі дрэваапрацоўкі ў ЭЗ Беларусь зарабіла 3,2 мільярда даляраў. Глядзім, што адбываецца са сфэрай цяпер.

«Па грашах на 15% менш»

Супрацоўнік адной зь дзяржаўных кампаній, якая займаецца дрэвам, расказаў Свабодзе, як санкцыі паўплывалі на яго працу.

«Тое, што раней прадавалі ў Эўропу, цяпер ідзе ў Расею і краіны, пра якія я нават ня чуў. Азія ў асноўным. Таксама ў Іран ёсьць пастаўкі. Скарачэньняў сярод пэрсаналу няма, проста працуем больш, бо пастаўкі сталі таньнейшымі», — расказвае суразмоўца.

Па яго словах, таксама зьнізіліся і выплаты супрацоўнікам.

«Зрэзалі некаторыя даплаты, выходзіць на 15% менш у сярэднім. Але гэта ня кожны месяц так. У адзін зь месяцаў было на 50% меней, але гэта таму, што 4 зьмены з 15 прастойвалі», — гаворыць ён.

Іншы суразмоўца, які працуе на адным з дрэваапрацоўчых заводаў у невялікім горадзе, расказаў Свабодзе, што «апошнім часам нічога на прадпрыемстве не зьмянілася».

«Заробак застаўся той жа, у нас зарабляюць у межах 900-1800 рублёў. Залежыць да цэха. Для нашага горада гэта вялікі заробак, таму за працу трымаюцца. Умовы такія самыя засталіся. Горш стала з пастаўкамі прадукцыі: склады забітыя. У асноўным прадаюць на Усход дошкі; куды дакладна, я ня ведаю. Зьмены не скарачаліся ў нас, нікога з супрацоўнікаў не скарачалі», — гаворыць суразмоўца.

Яшчэ адзін супрацоўнік прыватнай кампаніі, якая займалася пастаўкамі беларускай драўніны і вырабаў зь яе ў Эўропу, кажа, што «бізнэс наагул будзе згортвацца».

«Працавалі на Эўропу. Нідэрлянды ў апошні час. Вазілі туды расьпілаваную драўніну ўласнай вытворчасьці. Апошняя пастаўка пайшла ад нас у сакавіку. Грошай за яе так і не атрымалі. Афіцыйна тлумачаць, бо мы пад санкцыямі і рух грошай у наш бок забаронены. Неафіцыйна растлумачылі, што суагрэсарам аплата не паложаная. Іншыя кампаніі ў тым рэгіёне працаваць з намі баяцца. Згортваем бізнэс у Беларусі. Добра, калі без даўгоў», — расказвае суразмоўца.

Якія заробкі ў дрэваапрацоўцы

Глядзім, якія заробкі прапануюць на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. Напрыклад, паводле сайту «Віцебскдрэва», прадпрыемства мае больш за два дзясяткі вакансіяў. Машыністу бульдозэра прапануюць 800 рублёў на месяц. Гэта ўдвая менш, чым сярэдні заробак па Беларусі за кастрычнік. Машыністу лесанарыхтоўчай машыны гатовыя плаціць 2000 рублёў, трактарысту — 700 рублёў, вальшчыку лесу — 1000, вядучаму інжынэру-мэханіку — 1200.

На «Барысаўдрэве» 1,5 дзясятка вакансій. Кіроўцу прапануюць 1200-1300 рублёў на месяц, шліфоўшчыку 1500-1700 рублёў, інжынэру-тэхнолягу — 1200 рублёў, майстру — 1500 рублёў.

Як зарабляюць прадпрыемствы

«Магілёўдрэў»

Чысты прыбытак за мінулы год — 305 тысяч рублёў, за 2020 год — мінус 1,5 мільёна. Завод мае 81 мільён даўгоў у кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах, вынікае са справаздачнасьці за 2021 год (дакумэнты маюцца ў рэдакцыі).

«Рэчыцадрэў»

Прыбытак за мінулы год — 407 тысяч рублёў, за пазамінулы — мінус 1 мільён рублёў. Даўгі — 467 мільёнаў рублёў.

Мазырскі ДАК

Прыбытак за мінулы год 2,5 мільёна рублёў. За 2020 год — мінус 9 мільёнаў. Доўгатэрміновыя крэдыты — 243 мільёны рублёў.

«Мастоўдрэў»

Гадавы прыбытак за 2021 год — 75 тысяч рублёў, у 2020 годзе — 1,6 мільёна рублёў. Завод мае крэдытаў на 308 мільёнаў рублёў.

«Барысаўдрэў»

Чыстыя страты «Барысаўдрэва» за мінулы год — 125,7 мільёна рублёў, за 2020 год — 10,1 мільёна рублёў, за 2019 год страты складалі 4,5 мільёна рублёў. Значыць, за тры гады страты вырасьлі амаль у 30 разоў.

Страты былі таксама па выніку 2018 году (17,1 мільёна рублёў) і па выніку 2017 году (11,1 мільёна рублёў). Такім чынам, завод 5 гадоў працуе са стратамі.

«Івацэвічдрэў»

«Івацэвічдрэў» зарабіў летась 2,5 мільёна рублёў, але даўгі заводу (як доўгатэрміновыя, так і кароткатэрміновыя) складаюць звыш 231 мільёна рублёў. Гэта ў 92 разы больш за штогадовы прыбытак.

Што з пастаўкамі цяпер

За 8 месяцаў гэтага году беларускага дрэва і прадуктаў зь яго ў ЭЗ купілі на 638 мільёнаў эўра. Прычым з пачатку году аб’ёмы значна зьнізіліся — са 107 мільёнаў у студзені да 443 тысяч у жніўні, што азначае падзеньне ў 242 разы. Гэта якраз зьвязана з санкцыямі і прыпыненьнем кантрактаў.

Напрыклад, Аўстрыя і Бэльгія зусім перасталі купляць беларускую драўніну і прадукты зь яе да чэрвеня. Хаця яшчэ ў студзені 2022-га Бэльгія купіла драўніны ў Беларусі на 3 мільёны эўра.

У жніўні, паводле Эўрастату, беларускую драўніну ўсё яшчэ куплялі наступныя краіны:

  • Нямеччына — на 19 тысяч эўра;
  • Гішпанія — на 530 эўра;
  • Францыя — на 121 тысячу эўра;
  • Літва — на 240 тысяч эўра;
  • Латвія — на 28 тысяч эўра;
  • Польшча — на 33 тысячы эўра;
  • Партугалія — на 51 эўра.

Экспарт у краіны СНД зь Беларусі за 9 месяцаў гэтага году склаў 18,1 мільярда даляраў. Летась за такі ж пэрыяд — 18,3 мільярда даляраў. Асноўны пакупнік беларускіх тавараў у СНД — Расея.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG