Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На ўсю сям’ю заплацілі 500 даляраў». Як беларусы цяпер атрымліваюць візы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Зьявілася інфармацыя, што візавыя цэнтры могуць зьмяніць працэдуры рэгістрацыі беларусаў на візы, каб прыбраць зьвяно пасярэднікаў, якія зарабляюць на гэтым вялікія грошы. Даведаліся ў беларусаў, як яны атрымліваюць цяпер шэнгенскія візы.

Польскую працоўную візу чакаў 2,5 месяца, заплаціў 450 рублёў

Ян* (імёны герояў зьмененыя дзеля бясьпекі) рабіў польскую працоўную візу. Працэс заняў 2,5 месяца. Заплаціў 450 рублёў.

«Спрабаваў сам запісацца ў візавы цэнтар, але гэта непераадольны квэст. Адзін раз нейкім цудам атрымалася дабрацца да выбару даты і ўвесьці пашпартныя дадзеныя, але, калі справа дайшла да АТР-коду, увесь працэс спыніўся, нічога не прыйшло. На форуме чытаў, што нават да каго прыходзіў код, то ён быў нядзейным», — расказвае пра спробы самастойнай рэгістрацыі Ян.

Хлопец рабіў падобныя спробы цягам 1,5 месяца, але беспасьпяхова. Праблемы ў рэгістрацыі ўзьнікаюць праз тое, што фірмы-пасярэднікі, дзе працуюць праграмісты, рэзэрвуюць свабодныя даты на рэгістрацыю, якія «выкідваюць» візавыя цэнтры. А потым гэтыя месцы ў чарзе на рэгістрацыю на пэўныя даты яны прадаюць беларусам за грошы.

У выніку Ян зьвярнуўся да пасярэднікаў. У Менску яму прапанавалі зрабіць візу за 530 рублёў (каля 200 даляраў), аднак у родным горадзе знайшоў паслугу за 450 рублёў (каля 180 даляраў).

«Праз тры тыдні патэлефанавалі і паведамілі дату. Давялося ехаць у другі канец краіны падаваць дакумэнты», — апісвае складанасьці суразмоўца. Урэшце візу яму адкрылі і беларус паехаў працаваць за мяжу.

У Менску — 860 рублёў за польскую візу, у рэгіёнах — 600

Ян расказаў, што ягонаму калегу пашчасьціла менш, той аддаў за рэгістрацыю на візу амаль удвая больш.

«Калега ня стаў спрабаваць сам, а адразу зьвярнуўся да пасярэднікаў, заплаціў 860 рублёў (340 даляраў), але гэта з гарантыяй, што запішуць у Менску. Калі ў любым іншым горадзе, то прапанавалі за 600 рублёў», — тлумачыць розьніцу паміж сталіцай і рэгіёнамі суразмоўца.

Калега чакаў падачы дакумэнтаў цягам месяца, падаваўся на візу ў Менску, як яму і абяцалі. Іншы напарнік Яна ў канцы кастрычніка зьвярнуўся да берасьцейскіх пасярэднікаў. Заплаціў 350 рублёў, і яму далі дату для падачы дакумэнтаў ужо праз тыдзень.

«Усё гэта проста сьмешна. Каб ехаць працаваць, ты яшчэ павінен плаціць грошы», — камэнтуе сытуацыю Ян.

Аддалі 500 даляраў за рэгістрацыю сям’і на гуманітарную візу

Беларуска Мілана згаджаецца, што самастойна прабіцца ў візавыя цэнтры немагчыма, свабодныя даты «злавіць» не атрымліваецца падчас электроннай рэгістрацыі. Ёй зь дзецьмі патрэбная была гуманітарная польская віза.

«Таму мы зьвярнуліся да пасярэднікаў, у іх ёсьць свае айцішнікі. Спачатку цана была 450 рублёў. Але калі падача гуманітарных віз засталася толькі ў Пінску, Берасьці і Баранавічах, цана вырасла да 500 даляраў. За гэтую цану запісалі мяне і дзяцей. Усіх на розныя даты, у розныя месцы. Таму я яшчэ тыдзень каталася па Берасьцейскай вобласьці, каб падаць дакумэнты», — расказвае пра цяжкасьці беларуска.

Студэнцкую візу ў Нямеччыну аформіла за 2 тыдні без пасярэднікаў

Дзіяна сёлета атрымала студэнцкую візу ў Нямеччыну. Працэс заняў два тыдні. Паслугамі пасярэднікаў не карысталася.

«Я ведаю чалавека, у якога рэгістрацыя на візу заняла адзін тыдзень. Але кажуць, што нам пашанцавала, бо людзі па два месяцы, бывае, чакаюць», — расказвае дзяўчына.

На думку суразмоўцы, працэдура даволі цяжкая, бо трэба было сабраць шмат дакумэнтаў з завераным перакладам на нямецкую мову і апастылем. За апрацоўку дакумэнтаў яна як непаўналетняя заплаціла 37,5 эўра. Дарослыя аддаюць 50-70 эўра.

Непаўналетнім для візы патрэбны атэстат, копія пашпарта, запоўненая анкета, пісьмовая згода бацькоў на выезд, пасьведчаньне аб нараджэньні, запрашэньне ад нямецкай вучэльні.

Дзяўчына сутыкнулася з праблемай ад таго, што бацькі ўзялі шлюб ужо пасьля яе нараджэньня, таму ў пасьведчаньні аб нараджэньні ў маці было дзявочае прозьвішча, а ў згодзе на выезд ужо шлюбнае.

«Патрабавалі або мяняць пасьведчаньне, нанова яго перакладаць, ставіць апастыль. Карацей кажучы, зноў траціць грошы і маральныя сілы. Або рабіць тое ж самае з пасьведчаньнем аб шлюбе як доказ таго, што маці мяняла прозьвішча», — апісвае Дзіяна.

Рэшта афармленьня прайшла без асаблівых клопатаў, гаворыць дзяўчына.

«Праверылі дакумэнты, папрасілі пісьмова адказаць на некалькі пытаньняў на нямецкай мове: чаму я хачу вучыцца ў Нямеччыне, якія пляны на будучыню. Кажуць, што ня варта пісаць, што зьбіраесься пасьля навучаньня заставацца там», — камэнтуе беларуска.

Каб аформіць візу ў Нямеччыну, даты «злавілі» самі

Яшчэ адна беларуска Ірына расказала, што атрымала двухгадовую нямецкую мультывізу дзякуючы запрашэньню сястры, якая жыве ў Нямеччыне. Віза называецца «для наведваньня родных і сяброў». Раней нямецкіх візаў у яе не было.

Лізавета таксама рабіла нямецкую візу для сябе і сына. Да пасярэднікаў не зьвярталася. Працэдура заняла больш за 2 месяцы.

«Сама „злавіла“ даты ў жніўні. У канцы кастрычніка падаліся, праз тыдзень атрымалі шэнген», — расказала яна.

Візы ў Італію афармлялі пра турагенцтва за 950 рублёў на дваіх

Ілона і Юзаф сабраліся ў Італію. Афармлялі турыстычную пуцёўку праз агенцтва. Працэдура заняла каля трох месяцаў. Заплацілі каля 380 даляраў.

«Мы пачыналі працэс у пачатку жніўня. У візавы цэнтар Італіі запісаліся на сярэдзіну кастрычніка. Даплацілі за тэрміновасьць 50 рублёў, і на пару тыдняў хутчэй атрымалася запісацца. Па выніку візу далі з пачатку лістападу», — апісвае працэс Ілона.

Пара за дзьве візы заплаціла 700 рублёў турагенцтву і 250 рублёў візаваму цэнтру. Візы атрымалі на час свайго адпачынку — усяго на 16 дзён.

Беларус зрабіў польскую візу, не выяжджаючы з Расеі, праз турагентаў

Аляксандар расказаў сваю гісторыю. Ён грамадзянін Беларусі, мянчук. Аднак 15 гадоў жыў у Расеі, меў там часовы від на жыхарства. Пасьля 2020 году ў Беларусь не прыяжджаў.

Нядаўна яму спатрэбілася зрабіць працоўную візу ў Польшчу, аднак ехаць дзеля гэтага ў Беларусь Аляксандар не хацеў.

«На ўсю РФ працуе нешта каля 10 чалавек у польскіх консульствах у 3-4 месцах. Візы не выдаюць зусім, акрамя асабістых выклікаў. Спачатку спрабаваў грукацца па ўсіх краінах Эўропы, Бліжняга Ўсходу, Афрыкі — ад умоўнай Альбаніі да ўмоўнага Азэрбайджана. Аднак ва ўсіх гэтых краінах патрабуецца часовы від на жыхарства для іншаземца, каб атрымаць польскую візу», — расказвае суразмоўца.

Ён стаў шукаць спосаб падацца на візу праз пасярэднікаў, без асабістай прысутнасьці ў Беларусі.

«На маё шчасьце, такая схема існуе, калі турапэратары імітуюць асабістую падачу праз кур’ера. Вярталі пашпарт таксама праз кур’ера, а потым дасылалі пашпарт у Маскву», — дзеліцца Аляксандар.

Працэс заняў каля 3 тыдняў і каштаваў каля 800 беларускіх рублёў.

«Гэта былі вельмі цікавыя адчуваньні: знаходзіцца ў Маскве бяз пашпарта, калі там адбываецца мабілізацыя ў актыўнай фазе і хапаюць іншаземцаў, нават зь іншых краінаў СНД», — падсумоўвае суразмоўца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG