Падчас трохтыднёвых рэйдаў паліцыі, памежнікаў, мытнікаў і вайсковай паліцыі ў памежных раёнах Літвы былі знойдзены 42 мэтэазонды з кантрабандай, затрыманыя 8 чалавек.
Паводле генэральнага камісара літоўскай паліцыі Арунаса Паўлаўскаса, толькі за мінулы тыдзень былі затрыманы 4 падазраваныя, якія накіроўваліся па кантрабандныя цыгарэты, дастаўленыя на мэтэазондах, або ўжо забралі іх.
«Усе асобы затрыманыя, у дачыненні да іх праводзіцца папярэдняе расследаванне», — цытуе Delfi словы Паўлаўскаса на прэс-канфэрэнцыі, якая адбылася ва ўрадзе Літвы 12 сьнежня.
На гэтым тыдні афіцыйныя асобы выявілі 21 мэтэазонд, у якіх знаходзілася больш за 42 тысяч пачкаў цыгарэт. Агулам ў 24 лістапада супрацоўнікі паліцыі перахапілі метэазонды з 86 тысячамі пачкаў цыгарэт.
Паўлаўскас спадзяецца, што прэзыдэнт Літвы падпіша закон, які ўзмацняе адказнасць тых, хто перавозіць кантрабанду небясьпечным спосабам. Ім будзе пагражаць турэмнае зьняволенне тэрмінам да 8 гадоў.
«Спадзяемся, што ўзмацненне жорсткасьці крымінальнай адказнасці паслужыць урокам для тых, хто займаецца кантрабандай такім чынам. Гэтыя асобы не пазьбегнуць турэмнага зьняволеньня», — заявіў генэральны камісар літоўскай паліцыі.
- Урад Літвы 27 кастрычніка закрыў мяжу зь Беларусьсю на месяц пасьля таго, як некалькі разоў вымушана прыпынялася праца аэрапортаў у Вільні і Коўне з прычыны зьяўленьня паблізу іх аэрастатаў, якія ляцелі зь Беларусі, несучы цыгарэты.
- Улады Беларусі ў адказ 31 кастрычніка забаранілі літоўскім грузавікам выяжджаць цераз польскую і латвійскую мяжу.
- 10 лістапада на загад Аляксандра Лукашэнкі ўсе літоўскія фуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, сабралі на адмысловых пляцоўках і ўзялі пад ахову з выстаўленьнем рахункаў — 120 эўра на содні. Паводле Лукашэнкі, фураў было больш за 1100.
- 10 лістапада Вільня зьвярнулася да Менску з просьбай дазволіць выезд грузавікоў сваіх кампаніяў у Літву. Менск адмовіў.
- Вільня марна спрабавала вярнуць транспарт шляхам кантактаў на ведамасным узроўні. Беларусь прапанавала Літве або скасаваць рашэньне аб закрыцьці мяжы, або выйсьці на палітычна-дыпляматычнае разьвязаньне праблемы.
- 19 лістапада ўрад Літвы вырашыў, што закрытыя ў кастрычніку два пункты пропуску на мяжы Літвы і Беларусі Меднікі і Салечнікі адкрыюцца з 20 лістапада. Перад гэтым прэмʼер-міністарка Інга Ругінене заявіла, што апошнім часам паветраных балёнаў з кантрабандавымі цыгарэтамі стала меней.
- Аднак пасьля таго як урад Літвы зноў адкрыў мяжу, Віленскі аэрапорт зноў некалькі разоў закрывалі з прычыны аэрастатаў зь Беларусі, а літоўскім фурам па-ранейшаму не даюць выехаць у Літву. Беларускі бок патрабуе ад Вільні пачатку палітычных перамоваў.
Форум