Ілан Маск 25 лістапада заявіў, што на наступным тыдні ў Twitter адбудзецца «ўсеагульная амністыя» заблякаваных раней акаўнтаў.
Новы ўладальнік Twitter прыняў гэтае рашэньне, кіруючыся вынікамі апытаньня, якое правёў у сваім асабістым акаўнце.
72,4% удзельнікаў апытаньня з больш як 31,6 млн карыстастальнікаў прагаласавалі за вяртаньне тых, хто раней быў заблякаваны мадэратарамі сацыяльнай сеткі, у выпадку калі гэтыя карыстальнікі не парушалі законаў і не рассылалі спам.
«Людзі выказаліся, — напісаў у чацьвер Маск. — Амністыя пачынаецца на наступным тыдні».
На мінулым тыдні Маск, найбагацейшы чалавек у сьвеце, аднавіў некаторыя раней заблякаваныя акаўнты, у тым ліку ўліковыя запісы былога прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, сатырычнага вэбсайту Babylon Bee і коміка Кэці Грыфін.
У кастрычніку Маск напісаў у Твітары, што ў кампаніі будзе створана рада для мадэрацыі кантэнту, у якой будуць прысутнічаць людзі «з самымі рознымі пунктамі гледжаньня». Маск сказаў, што да скліканьня рады ніякіх важных рашэньняў аб кантэнце або ўзнаўленьні акаўнтаў прынята не будзе.
За першыя некалькі тыдняў знаходжаньня мільярдэра ў якасьці ўладальніка кампаніі Twitter Маск звольніў шмат топ-мэнэджараў, у тым ліку былога генэральнага дырэктара Парага Агарвала. У адстаўку таксама пайшлі высокапастаўленыя супрацоўнікі кампаніі, якія адказвалі за бясьпеку і канфідэнцыйнасьць інфармацыі.