Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік ByPol ​​пра апошнія скандалы: Зьбіраючы інфармацыю, мы не займаемся хайпам, мы змагаемся з рэжымам


Аляксандар Азараў
Аляксандар Азараў

Арганізацыя былых сілавікоў ByPol аб’явіла аб пачатку збору інфармацыі ў рамках падрыхтоўкі да рэалізацыі пляну «Перамога». Структура зьвярнулася як да ўдзельнікаў пляну, так і да ўсіх неабыякавых да лёсу Беларусі.

Прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага камітэту ў аднаўленьні правапарадку, кіраўнік ByPol Аляксандар Азараў паведаміў дэталі пляну збору і выкарыстаньня інфармацыі.

З словаў Азарава, інфармацыя, здольная дапамагчы вяртаньню законнасьці і правапарадку ў краіне, захаваньню яе незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці, стала паступаць адразу пасьля публікацыі закліку 21 лістапада.

«Да нас пачалі паступаць зьвесткі, у найбліжэйшыя дні чакайце цікавыя факты ў публікацыях», — зазначыў суразмоўца BPN.

Кіраўнік ByPol падкрэсьліў, што захаваньне ананімнасьці для арганізацыі стаіць на першым месцы і дзеля яе захаваньня не ствараецца база зьвестак, якую можна выкрасьці і перадаць верным рэжыму сілавікам.

«Мы не ствараем ніякай базы зьвестак людзей, якія дасылаюць нам інфармацыю, не высьвятляем пэрсанальных зьвестак тых, хто паведамляе нам факты. Уся інфармацыя паступае ананімна. Можна дасылаць яе як заўгодна: ёсьць пошта Proton, ёсьць акаўнт у тэлеграме. Праз сэрвіс Proton mail дзяліцца інфармацыяй зусім бясьпечна. Пры рэгістрацыі ня трэба пакідаць ніякіх пэрсанальных зьвестак», — сказаў Азараў.

Паводле яго, ByPol перш за ўсё цікавяць дадзеныя «аб перамяшчэньні расейскіх войскаў у Беларусі», унутраная інфармацыя аб спэцслужбах, зьвесткі, якія «выкрываюць крымінальную сутнасьць рэжыму Лукашэнкі», а таксама «зьвесткі аб удзеле Ўзброеных сілаў Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны».

Кіраўнік ByPol паведаміў, што для захаваньня ананімнасьці атрыманая інфармацыя будзе мадыфікавацца. «Памятаеце выпадак, калі супрацоўнік Генэральнага штабу Дзяніс Урад на дзяжурстве сфатаграфаваў сакрэтны ліст кіраўніка МУС міністру абароны аб выкарыстаньні вайскоўцаў для разгону пратэставых акцыяў, перадаў яго тэлеграм-каналу NEXTA, быў у выніку выкрыты і засуджаны на 18 гадоў турмы? Гэта адбылося таму, што дакумэнт быў апублікаваны ў тым выглядзе, у якім існаваў», — растлумачыў Азараў.

Супрацоўнікі ByPol мадыфікуюць зьвесткі і дакумэнты такім чынам, каб немагчыма было даведацца, хто меў да іх дачыненьне, мог прачытаць, скапіяваць і перадаць, сказаў суразмоўца.

«Можам наагул не публікаваць інфармацыю, выкарыстоўваючы яе выключна ва ўнутраных апэратыўных мэтах, бо да шэрагу сакрэтных дакумэнтаў доступ мае абмежаваная колькасьць людзей і вылічыць крыніцу выцеку вельмі проста, — заявіў кіраўнік ByPol. — Большая частка інфармацыі, якую нам ужо шлюць, будзе выкарыстоўвацца для рэалізацыі пляну «Перамога». Бясьпека людзей на першым месцы. Мы не займаемся хайпам, мы змагаемся з рэжымам».

Гаворачы аб магчымым выцеку пэрсанальных зьвестак 10 тысяч інфарматараў (паводле іншых дадзеных, 8,5 тысяч) праекту «Чорная кніга Беларусі», Азараў заявіў, што ByPol ня мае да гэтага ніякага дачыненьня.

«Аб выцеку базы са зьвесткамі 10 тысяч інфарматараў чат-боту „Чорнай кнігі Беларусі“ трэба пытацца ў іх саміх, — прапанаваў кіраўнік ByPol. — Мы заўсёды працавалі ў такім фармаце, каб немагчыма было выявіць нашы крыніцы. Нашы пратаколы бясьпекі нязьменныя і закліканыя захоўваць ананімнасьць».

30 ліпеня 2021 года на ютуб-канале ByPol прадстаўнік абʼяднаньня Алег Талерчык паведаміў аб выкрыцьці Артура Гайко, які «зьліў» базу зьвестак «Чорнай кнігі Беларусі» сілавікам. Пры гэтым было адзначана, што агент ГУБАЗіК МУС выкрыты і баяцца мэтадаў выведкі беларускіх сілавікоў ня варта.

«У верасьні 2020 году гэты грамадзянін пад выглядам супрацоўніка службы бясьпекі аднаго з банкаў з магчымасьцю „прабіваць“ асабістыя зьвесткі сілавікоў укараніўся ў супольнасьць адміністратараў тэлеграм-каналаў», — паведаміў Талерчык.

Паводле яго, укаранёны агент Гайко спрабаваў заваяваць давер адміністратараў пратэставых тэлеграм-каналаў і ByPol, перадаючы рэальныя зьвесткі аб судзьдзях, амапаўцах, звычайных міліцыянтах і іншых асобах, якія маюць дачыненьне да рэпрэсіяў падчас і пасьля выбараў 2020 году. Пэрсанальныя зьвесткі дзяржаўных службоўцаў пазьней былі разьмешчаныя ў тэлеграм-канале «Чорная кніга Беларусі».

Як заявіў Талерчык, агента выкрылі празь ягоную ляноту: «Чарговым разам правяраючы для актывістаў прыналежнасьць аднаго з нумароў мабільнага, капітан Гайко адправіў зьвесткі з усталяванай на яго кампутары базы зьвестак „Миасс“, якую выкарыстоўваюць толькі сілавікі, і яе ніяк не магло быць у банкаўскага службоўца. Агент у дадатак да ўсяго „засьвяціў“ свой твар».

Такім чынам, выявіць укаранёнага агента ўдалося дзякуючы аналізу ByPol.

14 лістапада сёлета ў інтэрнэце зьявілася заява былых удзельнікаў «Чорнай кнігі Беларусі» і каманды Infopoint Media Network, якая паведаміла аб выцеку канфідэнцыйнай інфармацыі сілавікам.

«Зь верасьня 2020 году і па канец траўня 2021 году, як стала пазьней вядома, у камандзе «Чорная кніга Беларусі» дзейнічаў укаранёны агент беларускіх спэцслужбаў. Магчыма, да сілавікоў трапілі зьвесткі аб усіх людзях, якія дасылалі інфармацыю ў чат-бот. Гэта могуць быць як імёны і прозьвішчы, нумары тэлефонаў і фатаграфіі, так і ID-адрасы карыстальнікаў «Тэлеграм», — гаварылася ў заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG