Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі навуковец склаў партрэт сярэднестатыстычнага «экстрэміста»


Сёньня Міністэрства ўнутраных спраў абвясьціла «экстрэмістамі» яшчэ 97 чалавек, цяпер іх агульная колькасьць — 1881. Беларускі навуковец Сяргей Бесараб апісаў разьмеркаваньне «экстрэмістаў» па ўзросьце, полу і шэрагу іншых паказьнікаў.

Пра гэта піша партал «Зеркало».

Сяргей Бесараб правёў Big Data-аналіз сьпісу асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці», разьмешчанага на сайце МУС. Ён выкарыстаў зьвесткі па стане на 4 лістапада.

Сярод такіх асобаў мужчын аказалася 80%, жанчын — 20%.

Большасьць «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці» — ва ўзросьце ад 29 да 39 гадоў, самаму маладому хлопцу споўнілася 17 гадоў, а самай старэйшай аказалася 82-гадовая жанчына.

— Гэта значыць, «тыповы беларускі экстрэміст» — гэта мужчына ўзростам каля 36 гадоў, — робіць выснову аўтар дасьледаваньня.

Самыя частыя абвінавачваньні, па якіх асуджаныя «экстрэмісты», — артыкул 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», таксама «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369) або «дыскрэдытацыя дзяржавы» (арт. 396-1). Па гэтых артыкулах асуджаны кожны пяты са сьпісу «экстрэмістаў». Пры гэтым людзі маглі быць асуджаныя адразу па некалькіх абвінавачаньнях.

Самыя распаўсюджаныя імёны мужчын-фігурантаў сьпісу — Аляксандар, Сяргей, Андрэй, жанчыны — Тацяна, Натальля, Вольга, Алена.

Вывучыўшы даты нараджэньня тых, хто трапіў у сьпіс, навуковец нават склаў «экстрэмісцкі гараскоп» па традыцыях заходняга і ўсходняга календароў. Так, найбольш «нядобранадзейнымі» знакамі задыяку аказаліся Цяльцы, Ракі і Львы, а найменш «актыўнымі» — Скарпіёны, Блізьняты і Рыбы.

Амаль траціну (28,7%) у сьпісе склалі менчукі, далей амаль пароўну — жыхары Гомля (6,7%) і Берасьця (6,6%), на чацьвёртым месцы Горадня (5,9%).

Асобна Сяргей Бесараб склаў рэйтынг рэгіёнаў і гарадоў краіны, дзе шчыльнасьць «экстрэмістаў» аказалася найвышэйшай. У першай тройцы — Горадня, Асіповічы і Наваградак.

У цэлым жа, прааналізаваўшы геаграфічную структуру «экстрэмізму» у Беларусі, аўтар дасьледаваньня выявіў, што разьмеркаваньне збольшага раўнамернае, значнай розьніцы паміж поўначчу і поўднем, захадам і ўсходам не назіраецца.

— Пранік бо экстрэмізм у самыя глыбіні, у самае сэрца маёй краіны... У аграгарадкі, пасёлкі гарадзкога тыпу, проста пасёлкі, вёскі, маленькія, забытыя богам мястэчкі і райцэнтры, — з іроніяй напісаў Сяргей Бесараб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG