Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служба бясьпекі Швэцыі: газаправоды «Паўночнага патоку» былі разбураныя ў выніку дывэрсіі


Выцек газу на месцы выбуху на газапарводзе Nord Stream, 27 верасьня 2022
Выцек газу на месцы выбуху на газапарводзе Nord Stream, 27 верасьня 2022

Падчас агляду месцаў выбухаў у Балтыйскім моры знайшлі рэшткі выбуховых рэчываў.

Служба дзяржаўнай бясьпекі Швэцыі паведаміла, што газаправоды сыстэмы «Паўночны паток» былі разбураныя ў выніку дывэрсіі. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце ведамства.

«Служба дзяржаўнай бясьпекі вядзе інтэнсіўную працу ў рамках папярэдняга сьледзтва па факце выбухаў на газаправодах » Паўночны паток — 1″ і " Паўночны паток — 2″. Сьледзтва паказвае, што ідзецца пра сур‘ёзны сабатаж», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як сьцьвярджаюць у ведамстве, падчас агляду месцаў выбухаў у Балтыйскім моры экспэрты знайшлі «староньнія прадметы» і рэшткі выбуховых рэчываў.

«Расьсьледаваньне маштабнае і складанае. Працяглае папярэдняе сьледзтва павінна паказаць, ці можна выставіць каму-небудзь абвінавачаньне і прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці», — падкрэсьлілі ў ведамстве.

Пра тое, што выбухі на газаправодах — гэта дывэрсія, таксама заявіў пракурор Матс Юнгквіст. Ён агучыў тыя ж факты, што і Служба дзяржаўнай бясьпекі Швэцыі, і зазначыў, што ня можа даць СМІ больш інфармацыі.

Газаправоды былі пашкоджаныя 26 верасьня, выцекі былі зафіксаваныя адразу ў чатырох месцах у эканамічных зонах Даніі і Швэцыі. Пацярпелі тры ніткі газаправодаў з чатырох.

Паўночны паток 2
Паўночны паток 2

Паводле «Газпрома», у пашкоджаных газаправодах было каля 800 млн кубамэтраў газу, што раўнацэнна спажыванню Даніі за тры месяцы. Прычыны здарэньня па-ранейшаму няясныя, аднак як краіны ЭЗ, так і Расея, і ЗША сьцьвярджаюць, што ішлося аб сьвядомай дывэрсіі — аб‘ём разбурэньняў беспрэцэдэнтны і, як лічаць спэцыялісты, ня мог быць выкліканы простай аварыяй. На карысьць дывэрсіі сьведчыць і амаль адначасовае выйсьце трубаправодаў са строю.

У нямецкай прэсе былі паведамленьні, што газаправоды, пабудова якіх каштавала мільярды даляраў, немагчыма будзе адрамантаваць. Віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Аляксандар Новак у нядзелю заявіў, што «ёсьць тэхнічныя магчымасьці» аднавіць інфраструктуру, аднак гэта запатрабуе часу і грошай.

Праграма навакольнага асяродзьдзя ААН заявіла, што пашкоджаньне сістэмы газаправодаў прывяло, імаверна, да найбуйнейшага з калі-небудзь зарэгістраваных выкідаў мэтану. Пры аналізе спадарожнікавых здымкаў быў знойдзены вялізны шлейф высокаканцэнтраванага мэтану, які наносіць шкоду навакольнаму асяродзьдзю.

У пачатку лістапада кампанія Nord Stream AG, якая кіруе газаправодамі «Паўночны паток» і «Паўночны паток – 2«, апублікавала вынікі свайго расьсьледаваньня аварыі. Паводле яго, на дне Балтыйскага мора зафіксавалі дзьве выбуховыя вырвы глыбінёй ад трох да пяці мэтраў і за 248 мэтраў адна ад адной. Трубы газаправоду паміж кратэрамі моцна пашкоджаныя, абломкі раскіданыя па дне ў радыюсе 250 мэтраў.

Краіны ЭЗ таксама лічаць аварыю вынікам дывэрсіі. Як пісала Wall Street Journal, асобы, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня, мяркуюць, што за падрывам газаправодаў можа стаяць сама Расея. Яны лічаць, што, пакінуўшы непашкоджанай адну нітку «Паўночнага патоку – 2», Крэмль хоча прымусіць Нямеччыну сэртыфікаваць працу газаправоду. Пры гэтым пасьля выбухаў ён таксама мог стаць непрыдатным для эксплуюатацыі.

Швэдзкае выданьне Expressen пісала, што трубы маглі быць пашкоджаныя вонкавым узьдзеяньнем экстрэмальнай сілы. Нямецкая Der Tagesspiegel паведаміла, што газаправоды маглі пашкодзіць падчас мэтанакіраванай атакі або з боку Украіны, або з боку Расеі; для нападу маглі выкарыстоўваць вадалазаў ці падводную лодку.

Што кажуць у Расеі

Расейскія ўлады заяўляюць, што ў аварыі на газаправодах зацікаўленыя ЗША і іх хаўрусьнікі. МЗС Расеі паведаміла, што Масква не прызнае вынікаў расьсьледаваньня эўрапейскіх краін, калі ў ім ня будуць удзельнічаць расейскія спэцыялісты. Уладзімір Пуцін назваў здарэньне тэрарыстычным актам і заявіў, што за ім стаіць «дывэрсія англасаксаў». ФСБ РФ пачала расьсьледаваньне справы аб тэрарызьме.

  • У канцы верасьня былі пашкоджаныя тры з чатырох нітак газаправодаў «Паўночны паток — 1» і «Паўночны паток — 2», непашкоджанай засталася адна з труб «Паўночнага патоку — 2». Гэты газаправод ня быў запушчаны ў эксплуатацыю: у сувязі з уварваньнем Расеі ва Ўкраіну на яго накладзеныя санкцыі. «Паўночны паток — 1» быў асноўнай магістральлю паставак расейскага газу ў Нямеччыну, адкуль ён разьмяркоўваўся далей па краінах Эўразьвязу.
  • Кампанія Nord Stream AG, якая кіруе газаправодамі «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2», апублікавала вынікі свайго расьсьледаваньня аварыі на газаправодах. Згодна з дакладам, на дне Балтыйскага мора знойдзеныя дзьве выбуховыя варонкі глыбінёй ад трох да пяці мэтраў, якія знаходзяцца ў 248 мэтрах адна ад адной. Трубы газаправода паміж кратэрамі моцна пашкоджаныя, іх абломкі раскіданыя па дне ў радыюсе 250 мэтраў, гаворыцца ў дакладзе.
  • Паводле інфармацыі Wall Street Journal, многія асобы, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня, падазраюць, што за меркаванай дывэрсіяй можа стаяць Расея. Яны лічаць, што, пакінуўшы непашкоджанай адну нітку «Паўночнага патоку — 2», Масква хоча прымусіць улады Нямеччыны сэртыфікаваць працу гэтага газаправоду.
  • Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў тое, што здарылася «відавочным тэрактам». Расейскія ўлады лічаць, што ў аварыі зацікаўленыя ЗША і іх саюзьнікі. МЗС Расеі заявіла, што Масква не прызнае вынікаў расьсьледаваньня эўрапейскіх краін, калі ў ім ня будуць удзельнічаць расейскія спэцыялісты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG