Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закладнікі завышаных чаканьняў». Вынікі ста дзён працы Кабінэту Ціханоўскай


Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту
Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту

Падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіла 8–9 жніўня ў Вільні, Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла аб стварэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту.

Мэты сабе новая структура дэмакратычных сілаў паставіла наступныя: абараняць незалежнасьць Беларусі, аднавіць канстытуцыйную законнасьць, распрацаваць і рэалізаваць захады для спыненьня незаконнага ўтрыманьня ўлады, распрацаваць і выконваць рашэньні для дасягненьня дэмакратычных пераменаў у Беларусі, дамагчыся вызваленьня палітвязьняў.

Першым днём працы Кабінэту можна лічыць 10 жніўня, таму сто дзён прыпадаюць акурат на 18 лістапада. Свабода паглядзела, што за гэты час было зроблена, а таксама пагутарыла з палітолягам Вадзімам Мажэйкам аб дзейнасьці структуры.

Хто ўвайшоў

  • Валер Кавалеўскі — намесьнік кіраўніцы і прадстаўнік у замежных справах. Нарадзіўся ў вёсцы Беражное Столінскага раёну. Скончыў аддзяленьне міжнародных адносін гістарычнага факультэту БДУ. Працаваў у Міністэрстве замежных справаў, у тым ліку ў амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне. У 2006 годзе пайшоў зь дзяржаўнай працы. Заняўся бізнэсам. Пасьля выбараў 2010 году перабраўся ў ЗША, дзе скончыў магістратуру ў Джорджтаўнскім унівэрсытэце. Працаваў на «Голасе Амэрыкі», а таксама ў Сусьветным банку. У канцы 2020 году далучыўся да каманды Сьвятланы Ціханоўскай.
  • Павал Латушка — намесьнік кіраўніцы і прадстаўнік у транзыце ўлады. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў юрыдычны факультэт БДУ і Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Працаваў у МЗС, займаў пасаду прэс-сакратара (2000–2002). Быў амбасадарам Беларусі ў Польшчы (2002–2008) і Францыі (2012–2019). Міністар культуры (2009–2012). У сакавіку 2019 году прызначаны дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы. У жніўні 2020 году падтрымаў рух за справядлівыя выбары. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК).
  • Аляксандар Азараў — прадстаўнік у аднаўленьні правапарадку. Нарадзіўся ў Менску. Скончыў Інстытут правазнаўства, БДЭУ і Лінгвістычны ўнівэрсытэт. Доўгі час працаваў у органах МУС. Ад 2008 да 2019 году працаваў у ГУБАЗіКу, дзе займаўся пытаньнямі гандлю людзьмі і футбольнымі фанатамі. Пасьля звальненьня працаваў выкладчыкам у Акадэміі МУС. У 2020 годзе падтрымаў пратэсты. Стаў адным з заснавальнікаў аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol.
  • Валеры Сахашчык — прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы. Нарадзіўся ў вёсцы Гошава Дарагічынскага раёну. Скончыў Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню. Служыў у Забайкальскай вайсковай акрузе, а потым у ГДР. З 1999 да 2002 году ўзначальваў берасьцейскую 38-ю дэсантна-штурмавую брыгаду. Там меў мянушку «Чорны арол» — за вынаходзтва сыстэмы выпрабаваньняў, каб атрымаць аднайменны знак. Разам зь сям’ёй займаецца будаўнічым бізнэсам у Польшчы. У 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах у Берасьці. У 2022 годзе ад моманту пачатку вайны выступіў з заклікам да беларускіх вайскоўцаў ня ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне. Падпалкоўнік, але быў пазбаўлены Лукашэнкам званьня.
  • Аліна Коўшык — прадстаўніца ў нацыянальным адраджэньні. Нарадзілася ў Горадні, скончыла гістарычны факультэт ГорДУ, магістратуру Варшаўскага ўнівэрсытэту ў паліталёгіі і гісторыі. Цягам 15 гадоў працавала вядоўцай на тэлеканале «Белсат». Заснавальніца Цэнтру беларускай салідарнасьці ў Варшаве і Інбелкульту-2.

Хто сышоў

  • Тацяна Зарэцкая — прадстаўніца ў фінансах і эканоміцы. Прабыла на пасадзе 54 дні (9 верасьня — 2 лістапада). Нарадзілася ў Менску. Вучылася на факультэце міжнародных адносін БДУ, але зьехала ў Эстонію і там працягнула вучобу. Стартапэрка, заснавальніца брэнду Laava Tech. У беларускіх СМІ зьявіўся шэраг публікацыяў пра бізнэс Зарэцкай, былі абвінавачаньні ў тым, што яна перабольшвае значнасьць свайго стартапу. Адмову ад працы ў Кабінэце патлумачыла пагрозамі ў свой адрас, а таксама ў адрас супрацоўнікаў.

Якія пасады вакантныя

Прадстаўнік у сацыяльнай палітыцы, а таксама ў фінансах і эканоміцы пасьля адстаўкі Зарэцкай.

Кабінэт у інтэрнэце

  • 15 дзён спатрэбілася Пераходнаму кабінэту, каб стварыць свой тэлеграм-канал
  • 28 дзён спатрэбілася для таго, каб у тэлеграме зьявілася першае паведамленьне
  • Сайт Аб’яднанага пераходнага кабінэту ня створаны дагэтуль

Якая была першая супольная заява

7 верасьня зьявілася пастанова Кабінэту «Аб абароне незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі». Першачарговымі задачамі ў пастанове былі названыя «аднаўленьне і абарона сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь». Кабінэт запатрабаваў вываду расейскіх войскаў і паабяцаў «аказваць усямерную дапамогу Ўкраіне».

Першая сумесная сустрэча

3 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі Кабінэту сустрэліся зь міністрам унутраных справаў Польшчы Марыюшам Каміньскім. Тады ж у поўным складзе ў Варшаве прайшлі і першыя паседжаньні Кабінэту, а таксама адбылася сустрэча з прэм’ерам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Валер Кавалеўскі і Аліна Коўшык наведвалі Кіеў, Павал Латушка — Бэрлін.

Тры скандалы, зьвязаныя з Кабінэтам

  • Гісторыя з расейскім пашпартам Валерыя Сахашчыка. Расейскія дакумэнты Сахашчыка, найхутчэй, былі знойдзены сілавікамі падчас ператрусу ў берасьцейскай кватэры вайскоўца. Сам прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы пацьвердзіў наяўнасьць у сябе расейскага грамадзянства і неўзабаве пачаў працэдуру выхаду зь яго.
  • Гісторыя з стартапам Тацяны Зарэцкай. Выданьне «Наша Ніва» ў сваім расьсьледаваньні паставіла пад сумнеў пасьпяховасьць стартапу прадстаўніцы па фінансах і эканоміцы. Шматлікія пытаньні таксама ўздымалі іншыя незалежныя СМІ. Адказаў на ўсе пытаньні журналісты так і не атрымалі, а сама Зарэцкая сышла з Кабінэту за дзень да зьяўленьня матэрыялаў з крытыкай на яе адрас.
  • Гісторыя з NDA. Яе агучыў лекар, прадстаўнік руху «Супраціў» Дзьмітры Шчыгельскі ў інтэрвію блогеру «Балаганаву». Шчыгельскі сказаў, што адмовіўся ад супрацы з Кабінэтам пасьля таго, як яго папрасілі падпісаць дакумэнт аб неразгалошваньні працы структуры. З той самай прычыны сышоў і прадстаўнік ByPol, былы работнік Генэральнай пракуратуры Алег Талерчык.

«Людзі чакалі ад іх таго, што яны выканаць пакуль ня могуць»

На пытаньні Свабоды аб працы Пераходнага кабінэту адказаў аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Вадзім Мажэйка.

— Сто дзён Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Што вам запомнілася за гэты час?

— Пазнавальнасьць ёсьць. На жаль, часта за кошт скандальных сытуацыяў. Як галоўнае дасягненьне я б назваў адсутнасьць публічных скандалаў сярод апанэнтаў Лукашэнкі. Вельмі шмат такіх разборак было перад канфэрэнцыяй «Новай Беларусі», дзе і абвясьцілі Кабінэт. Удалося зрабіць так, каб моцныя палітычныя актары перасталі сварыцца між сабой.

Заяўленыя мэты Кабінэту пра абарону незалежнасьці Беларусі і вызваленьне палітвязьняў — дастаткова дэклярацыйныя. Ніхто ў сьвеце ня мае шляхоў, каб вызваліць палітвязьняў. Гэта хутчэй ня мэты, а місіі.

Калі сваркі між палітычнымі гульцамі скончыліся, крытыка абрынулася на сам Кабінэт. Крытыкуюць і за тое, што трэба, і за тое, што ня трэба. За супрацоўніка ГУБАЗіКу ў «Чорнай кнізе Беларусі» чамусьці крытыкуюць не «ЧКБ», а Кабінэт. Але мне нават незразумела — пры чым тут ён?

— Кейсы Сахашчыка і Зарэцкай: як бы вы іх ахарактарызавалі?

— Калі вы шукаеце цікавыя і незвычайныя кадры з новых сэктараў, то непазьбежна сутыкаецеся з тым, што гэтыя людзі з складаным бэкграўндам, які можа быць цалкам нармальны для іхнага асяродзьдзя, але не для палітычнага. Умоўна: для афіцэраў, можа, гэта нармальна — некарэктныя выказваньні Сахашчыка ў сацыяльных сетках і яго расейскі пашпарт, а ў палітычным асяродзьдзі гэта кепска. Нешта падобнае і з Зарэцкай, але атрымалася ўсё нашмат горш. Рэч у тым, што сама Зарэцкая не змагла ўцямна пракамэнтаваць сваю сытуацыю, у адрозьненьне ад таго ж Сахашчыка, які паводзіў сябе вельмі годна.

Кабінэту трэба моцна працаваць над сваёй камунікацыйнай стратэгіяй, як дзейнічаць падчас крызісных сытуацыяў. Трэба больш працаваць над сваім піярам.

— Ці апраўдана, што замест адной Ціханоўскай зьявіўся цэлы Кабінэт?

— Фармат цалкам апраўданы. Калі Ціханоўская ў нас протапрэзыдэнт, а Офіс Ціханоўскай — протаадміністрацыя прэзыдэнта, то Кабінэт — гэта протаўрад. Добра, што ён ёсьць. Нефармальныя адносіны між рознымі палітычнымі актарамі фармалізуюцца ў нейкія, хай сабе і рыхлыя, але інстытуты. Гэта лепей, чым калі камунікацыя фармуецца на нейкіх нефармальных прынцыпах. Напрыклад, сытуацыя з ByPol, які займаецца сілавым сцэнаром — раней не было зразумела, чаму менавіта, а цяпер можна сказаць, што гэта структура «міністра ўнутраных справаў». Многія скандалы цяпер узьнікаюць менавіта таму, што няма гэтай фармалізаванасьці. Напрыклад, няясна, што такое «ЧКБ», ці зьяўляецца яна часткаю «Інфапойнту», а «Інфапойнт» — часткай Офісу Ціханоўскай, ці не зьяўляецца.

— Зьяўленьне адразу двух «сілавых міністраў» — гэта прыкмета часу?

— Гэта адказ на запыт грамадзтва. У 2020 годзе многія гаварылі пра мірны пратэст, тады было немагчыма ўявіць, што будуць два «сілавыя міністры». Цяпер час ваенны, і ў такія пэрыяды пытаньні бясьпекі людзей хвалююць найбольш.

— Ці бачацца вам магчымасьці для росту Кабінэту, каб ён рабіўся важнейшым у палітычных працэсах?

— Натуральна, яны ёсьць. Кабінэт — гэта закладнікі завышаных чаканьняў. Людзі чакалі ад іх таго, чаго яны выканаць пакуль ня могуць. У людзей ёсьць адчуваньне: калі ўсе аб’яднаюцца, то перамогуць. Часам бывае, што каапэрацыя 1+1 дае 3, але яна ніколі не дае 300. Праблема Кабінэту ў тым, што ў іх мала рэсурсу — яны маюць дыпляматычны рэсурс, але ўсё складана з грамадзкай падтрымкай, а таксама зь фінансамі.

За абмеркаваньнем асобы Зарэцкай мы вўпусьцілі тое, што яна мела займацца пытаньнем фандрэйзынгу Кабінэту. Яна нібыта пакінула нейкія напрацоўкі, але новы чалавек не прыйшоў. Грошы патрэбныя, каб банальна прыехаць ў іншую краіну, сустрэцца з дыяспарай. Прадстаўнікі Кабінэту мусяць магчы зрабіць гэта самі, а ня толькі праз запрашэньні. Я чытаю, што было б добра, каб Кабінэт адкрываў беларускія школы за мяжой, але калі няма грошай, то як ты адкрыеш! Гэта прыземленыя рэчы, але яны вельмі важныя. Як кажа Андрэй Стрыжак, «грошы — гэта ня самы рэдкі рэсурс, і яго можна здабыць». Трэба клапаціцца, каб у Кабінэту было больш самых розных рэсурсаў, у тым ліку матэрыяльных, тады праца будзе больш эфэктыўнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG